Ваявалі землякі
Да вайны Ілья Пятровіч Некрашэвіч працаваў механізатарам у МТС. Пасля вераломнага нападу фашыстаў яму даручылі эвакуацыю тэхнікі. Потым Ілья Пятровіч прымаў удзел у арганізацыі мясцовага партызанскага атрада, ваяваў у злучэнні А. М. Сабурава. На рэчцы Стыр далучыліся да рэгулярнай арміі. Давялося быць і камандзірам аддзялення.
Вось толькі адзін маленькі эпізод, які любіў расказваць ветэран: “Аднойчы пайшлі ў разведку. Узялі ў палон “бендэраўца”. На допыце даведаліся, што ён з’яўляецца начальнікам харчовага склада, ды і клічка ў яго даволі красамоўная была — “Хмара-забойца”. Указаў месца знаходжання 14-ці складаў з правізіяй».
Ілья Пятровіч Некрашэвіч прымаў удзел у вызваленні Оўруча, Славечка, Давыд-Гарадка, Пінска, Століна. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі “Партызану Айчыннай вайны 2-ой ступені”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”.
Дачка Вера Ільінічна зараз жыве на Віцебшчыне, у Гарадоцкім раёне. Часта прыязджае наведаць магілы бацькі і маці.
Армейская служба Аляксея Сініцкага пачалася ў 1940 годзе ў Літве, калі на Захадзе ўжо грымела Другая сусветная вайна. Быў ардынарцам пры камандзіры батарэі.
Бесперапынныя бамбёжкі добра ўзброенага і моцнага ворага прымусілі нашы войскі адступіць. У Стаўбцах, пад Мінскам, трапілі ў акружэнне. Затым быў палон. Кожны дзень сярод ваеннапалонных набіралі групу рабочых для ўзвядзення баракаў і падрыхтоўкі будматэрыялаў. Трапіў у адну дзесятку і Аляксей. Завезлі на будаўнічы аб’ект. З палоннымі быў адзін канваір. Каб папоўніць запасы матэрыялаў, загадалі разбіраць калгасны хлеў. Выбраўшы зручны момант, Аляксей выстраліў у канваіра з пісталета, які застаўся ў яго, былога ардынарца, з даваеннай службы. Палонныя кінуліся ўцякаць. Беглі да заходу сонца. На нейкім хутары астанавіліся пераначаваць. У Самахвалавічах дамовіліся прарвацца за лінію фронту. Задуманае здзейснілі. Не паспелі трапіць у воінскую часць, як выклікалі ўсіх у асобы аддзел. Толькі дзякуючы пісталету, што быў у Аляксея, былых палонных не адправілі ў штрафную роту.
З ваенных будняў Аляксею Цімафеевічу асабліва запоўніўся адзін бой на тэрыторыі Польшчы. У час артабстрэлу быў забіты камандзір батарэі — капітан Ціханаў, і Аляксей узяў камандаванне на сябе. Справіўся выдатна, за гэты бой быў узнагароджаны медалем “За адвагу”.
Наогул жа баявы шлях ветэрана адзначаны ордэнам Айчыннай вайны, медалямі “За вызваленне Варшавы”, “За ўзяцце Кёнігсберга”.
Зараз Аляксея Цімафеевіча, як і жонкі Эміліі Сцяпанаўны, няма ў жывых. Вырасцілі з ёй чацвёра дзяцей: сын Станіслаў і дачка Зоя жывуць у Грабянях, Віктар — у Мазыры, Лідзія — у Лельчыцах. Унук Аляксандр Анатольевіч Некрашэвіч зараз працуе намеснікам старшыні Лельчыцкага райвыканкама. Не слабее ў іх сэрцах прыцягненне роднага дома, якое перадалі бацькі, любоў да малой радзімы.
Дзмітрый Астапавіч Некрашэвіч нарадзіўся ў вёсцы Грабяні ў 1911 годзе. Адзін з першых трактарыстаў і калгаснікаў-ударнікаў. Актыўны ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Адзін з абаронцаў легендарнага Сталінграда. Удзельнічаў у вызваленні Растова, Адэсы. Варшавы. Свой баявы шлях закончыў у Берліне. За баявыя заслугі ўзнагароджаны двума ордэнамі Чырвонай Зоркі і пяццю медалямі.
Уладзімір Пятровіч Некрашэвіч нарадзіўся ў 1926 годзе. Да вайны вучыўся ў рамесным вучылішчы г. Ленінграда, дзе перанёс блакаду. Эвакуіраван цераз “Дарогу жыцця” на лячэнне ў Тбілісі. Потым працаваў на прадпрыемствах ваеннай прамысловасці г. Куйбышава. Прызваўся ў армію ў 1943 годзе.
У складзе 1-й Маскоўска-Мінскай гвардзейскай дывізіі вызваляў Ваўкавыск і іншыя гарады. “… Да горада Кёнігсберга нас прывезлі раніцай. Перад сабой мы ўбачылі пазіцыі праціўніка. Пасля артпадрыхтоўкі нас паднялі ў атаку. Пад шквалам агню фашысцкай артылерыі з кулямётам у руках пайшлі на фашыстаў. І раптам у жываце запякло быццам агнём. Прыйшоў у сябе ўжо ў шпіталі, дзе і застала мяне вестка аб Перамозе”.
Узнагароджаны ветэран медалём “За ўзяцце Кёнігсберга”.
Дзям’ян Канстанцінавіч Некрашэвіч нарадзіўся ў 1915 годзе ў вёсцы Грабяні. У радах Чырвонай Арміі з 1938 года. Актыўны ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Свой баявы шлях закончыў у Берліне. Там, у логаве нямецкага драпежніка, 28 красавіка 1945 года быў цяжка паранены. Прыйшлося ампутаваць левую руку.
За праяўлены подзвіг Дзям’ян Канстанцінавіч Некрашэвіч узнагароджаны ордэнамі ІІ і ІІІ ступеней, двума медалямі “За адвагу” і медалем “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”.
Паўла Мікалаевіч Сельвіч нарадзіўся ў 1926 годзе. Да вайны вучыўся ў рамесным вучылішчы г. Ленінграда. Там і застала вайна. У Ленінградзе пражыў увесь час блакады. Пасля прарыву блакады павезлі на лячэнне ў г. Баку, а потым на курсы камандзіраў у Маскву. Баявое хрышчэнне прыняў пры ўзяцці Варшавы, а потым, пасля вызвалення Варшавы, удзельнічаў у вызваленні усходняй Прусіі.
“… Па прыказу камандавання мы пайшлі на акружэнне варожай артылерыі. Але вораг разгадаў наш манёўр, і ў акружэнні аказаліся ўжо мы. Завязаўся няроўны бой. Але да нас на дапамогу падаспела армія генерала Говарава.Ад узрыву снарада асколак угадзіў мне ў рукі. Перамога застала мяне ў шпіталі”.
Ветэран узнагароджаны медалямі “За адвагу”, “За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941 -1945 гг.”, “За вызваленне Варшавы”і інш.
Ваявалі, але не вярнуліся з фронту Мацвей Філімонавіч Івашкевіч (загінуў у г. Брэст), Раман Паўлавіч Івашкевіч (загінуў у г. Брэст), Дмітрый Паўлавіч Івашкевіч (загінуў пад Рэчыцай Гомельскай вобласці) і іншыя. Цяпер на тэрыторыі сельсавета пражывае адзін ветэран у в. Кавыжаў Іосіф Гаўрылавіч Хамутоўскі, якому ўдзяляецца усебаковая ўвага і дапамога.
Іван ЛЕЎКАВЕЦ,
настаўнік гісторыі вышэйшай катэгорыі Грабянёўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы.