Гэтую дату не знайсці ў календары, дзе пазначаны дзяржаўныя, прафесійныя і рэлігійныя святы, значныя даты з гісторыі краіны. Яна адметная ў межах толькі аднаго рэгіёна і асобных населеных пунктаў, у гісторыю якіх упісаная залатымі літарамі. Для ляльчан такой датай з’яўляецца 23 студзеня – Дзень вызвалення.

У памяць аб радаснай падзеі 1944 года штогод праводзяцца ўрачыстыя мерапрыемствы. Сёлета яны прайшлі ў 68 раз.

Для гісторыі 68 гадоў – імгненне, а ў чалавечым жыцці – значны тэрмін. Даўно зніклі з твару зямлі акопы і варонкі ад снарадаў, адрадзіўся горад і вёскі раёна. Два пакаленні людзей паспелі змяніцца. Але не павінны змяніцца нашы адносіны да гераічнага подзвігу, які застаецца вялікай навукай шчырага патрыятызму, адданасці сваёй Радзіме, той зямлі, на якой давялося нарадзіцца і вырасці. Кожны з нас павінен прыкладаць усе намаганні на тое, каб прадпрыемствы, арганізацыі і ўстановы былі эканамічна прыбытковымі. На іх росквіце грунтуецца дабрабыт раёна і кожнага яго жыхара.

Па традыцыі да помніка загінуўшай опергрупе ЦК ВЛКСМ былі ўскладзены вянкі і кветкі ад кіраўніцтва раёна, ветэранаў, працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў, моладзі.

У той жа дзень у гарадскім цэнтры культуры і адпачынку адбыўся святочны канцэрт, прысвечаны ўрачыстай даце.

У школах раёна прайшлі сустрэчы ветэранаў з моладдзю.

Ірына САКАВЕЦ.