Роўна 20 гадоў таму, у жніўні, пачаўся канчатковы развал СССР. У некаторых людзей старэйшага пакалення захавалася настальгія па мінулым часе, так званым “залатым веку”, якім, нібыта, было для нас жыццё ў СССР пры камуністах.

Давайце хоць бегла ўспомнім, як і чым мы жылі раней і вырашым – аб чым з нашага мінулага можна і трэба шкадаваць, а аб чым – не. Ці праўда, што жылося нам так добра ў СССР, а калі праўда, то чаму? І калі наша былая агульная дзяржава была сапраўды такой добрай маці ўсім сваім дзецям, то чаму гэтыя дзеці так хутка разбегліся са свайго агульнага дома? А чаму так рэзка змянілася наша жыццё, калі ўсе былі сапраўды заможныя, куды так хутка ўсё адразу знікла?

Первым чалавекам, які ўзяў на сябе смеласць сказаць, што СССР знаходзіцца на парозе эканамічнага, сацыяльнага і палітычнага крызісу, быў М. С. Гарбачоў. У чым гэты крызіс выражаўся? Чамусьці знікла ва ўсіх пачуццё гаспадара, мала ўжо хто звяртаў увагу на не ўстаноўленую ў цэхах дарагую тэхніку, якая ржавела, на мяшкі з угнаеннем, якія моклі пад дажджом, на нявыбраную бульбу з палёў, зніжалася грамадская і працоўная актыўнасць. У звышпланавай гаспадарцы станкоў аказалася ў 1,4 раза больш, чым рабочых рук. Каля 40% ад агульнай колькасці прадпрыемстваў не прыносілі прыбытак, а былі стратнымі. Узмацненне кантролю і іншыя меры не змаглі кампенсаваць адсутнасць у працаўніка эканамічных імкненняў да працы. Разрастаўся бюракратычны апарат і пры гэтым ніводзін пяцігадовы план не быў выкананы. Узніклі сур’ёзныя дыспрапорцыі ў эканоміцы, нарастаў дэфіцыт тавараў. Паднятая Гарбачовым “жалезная заслона” адкрыла нам вочы – у Еўропе нават беспрацоўны жыве лепей, чым наш інжынер.

З чаго ж пачалі выпраўляць становішча? Рэзка скарацілі продаж спіртных напіткаў, павысілі цану на іх без насычэння рынку прадукцыяй, што прывяло да росту спекуляцыі. У барацьбе ж з непрацоўнымі даходамі аказаўся рэальна закрануты пласт людзей, якія вырошчвалі і прадавалі сваю прадукцыю на рынках, у той час як варацілы “ценявой эканомікі”, што былі звязаны з карумпаванай часткай апарату, як і раней, працвіталі. Іх даход перавышаў колькасць грошай, якія адпускаліся дзяржавай на сацыяльную сферу. Пагэтаму, пэўна, панавала ў нас па вёсках бездарожжа, на паліцах магазінаў адсутнічалі тавары першай неабходнасці — як харчовыя, так і прамысловыя. Хто бачыў у нашых крамах добрую каўбасу, малочныя прадукты ці цытрусавыя? Везлі іх з Масквы ці Мінска.

Дык адкуль жа тая настальгія, уяўленне аб поўным дастатку? Адкуль было ўзяцца ўсяму гэтаму, калі ў 1980 годзе страты па малаку ў сельскай гаспадарцы былі 9%, свініне – 20%, птушцы – 14%. Па дарозе ад поля да крамы гублялася 20% зерня, 40% бульбы, 1/3 агародніны. У 1987 г. удзельная вага імпарту складала па маслу – 19,7%, па мясу – 6,6%, па алею – 22,5%, цукры – 25,5%. Вось чыё масла мы елі. А больш за ўсё плавілі яго, каб выканаць даведзены да кожнага план па малаку.

У нас нічога больш не куплялі апрача нафтапрадуктаў. 200 млрд нафтадолараў было праедзена. Мы запускалі ў космас касманаўтаў, але не навучыліся шыць адзенне і вырабляць макароны. Выраб зброі быў залішнім, а яе экспарт за мяжу павялічваў іх доўг нашай краіне. Усё больш востра адчуваўся недахоп тавараў, пусцелі паліцы магазінаў, зніжалася пакупная здольнасць рубля. Вызначальнай на тэлевізары і халадзільнікі станавілася цана “чорнага рынку”. Успомніце “цукровы крызіс”, недахоп мыйных сродкаў, “чайны крызіс”, “тытунёвы крызіс” і г.д.

Паўсюдныя чэргі, талонна-размеркавальная сістэма, пераход на натуральны абмен: зерне на машыны, газетную паперу на агародніну, паліва на адзенне. І гэта ўсё адбывалася раней Белавежскага пагаднення.

Крызісная сітуацыя праявілася і ў духоўным жыцці грамадства. Заняпад маралі, бязлітаснасць, рост злачыннасці і насілля – злыя парасткі на глебе бездухоўнасці. У васьмідзесятыя гады ў дзень дзяржава на культурныя патрэбы траціла на аднаго жыхара менш як 3 капейкі. Абсталяванне аднаго месца ў школе каштавала ў сярэднім 58 рублёў, у той час як у Швецыі – 1200 долараў. Татальная ідэалагізацыя культуры душыла ўсё крытычнае, але пакідала шэрае, безаблічнае, казённае. І што, уся гэта бездухоўнасць пачалася адразу пасля аб’яўлення незалежнасці? Аб гэтым трэба шкадаваць і жадаць вярнуць назад? Пасля аб’яўлення незалежнасці многія народы зразумелі, што адрадзіцца можна толькі на нацыянальнай ідэі, што ў сваёй маленькай асабістай хаце намнога лягчэй навесці парадак, чым у вялікай агульнай камунальнай кватэры. Гэта зразумелі і мы – беларусы, праўда, крыху пазней. Напачатку нам падсунулі “пустышкі” – карткі спажыўцоў і талоны, якія амаль не выкарыстоўваліся з-за недахопу прадуктаў харчавання, прамысловых тавараў і тэхнікі. За мяжу пацяклі статкі жывёлы, каб “здацца” там па больш высокіх закупачных цэнах. Праўда, на імгненне мы ўбачылі тавары, якія датаваліся з нашых кішэняў і аб існаванні каторых мы нават не здагадваліся, але гэта былі толькі імгненні. Тыя людзі, якія аказаліся бліжэй да размеркавальнага “карыта” ў той час, сёння працягваюць будаваць палацы, значна пабудавалі іх і раней. Крыху пазней удалося нам – беларусам – навесці належны парадак у сваёй хаце: за дзяржавай захаваліся амаль усе заводы і фабрыкі, развіваецца сельская гаспадарка, паляпшаецца сацыяльнае абслугоўванне насельніцтва, Прэзідэнтам і Урадам вялікая ўвага надаецца моладзі – нашай будучыні, вырашаюцца многія кватэрныя пытанні і г.д.

Шмат чаго пабачыў наш народ на працягу сівых стагоддзяў. У трэцяе тысячагоддзе ён уступіў маючы маральную перавагу перад іншымі: ён ніколі ні на кога не ішоў заваёўніцкімі войнамі, ніколі нікога не прыгнятаў. І няхай усё благое для яго будзе толькі фактамі гісторыі і ніколі не паўторыцца ў будучым.

Анатоль КАШЭВІЧ,

в. Чырвонабярэжжа.