Я жыву ў вёсцы Прыбалавічы, і мне тут вельмі падабаецца. Хочацца расказаць пра сваю вёску і яе жыхароў.

Па адной з легенд вёска раней належала польскаму князю. Ён вельмі сябраваў з нашым князем Прыбалаў і падараваў яму вёску, адсюль і назва Прыбалавічы. Яшчэ ёсць легенда, што раней вакол вёскі былі балоты і называлася яна Прыбалоцце. Увесь час назва мянялася і цяпер яна Прыбалавічы.

Вёска мае шмат двароў. А якія тут вялікія і прасторныя вуліцы, прыгожыя хаты, у якіх жывуць працавітыя і шчырыя гаспадары.

Яшчэ ў вёсцы ёсць школа, у якой працуюць таленавітыя настаўнікі. У нашай школе навучаецца 172 вучні, там працуюць гурткі, спартыўныя секцыі, праходзяць выхаваўчыя мерапрыемствы і добра наладжана работа з бацькамі.

У вёсцы ёсць Свята-Пакроўская царква, якая была пабудавана ў 1797 годзе ў гонар Пакрова Багародзіцы. Спачатку яна была ў выглядзе драўлянай капліцы са званіцай. У 1825 годзе капліца была адрамантавана і павялічана ў памерах. З 1967 года служба ў царкве не вялася, а ў наступным годзе прыход закрылі. Пачаў зноў ён дзейнічаць у 1988 годзе. Свята-Пакроўская царква з’яўляецца помнікам народнага дойлідства.

У Прыбалавічах таксама ёсць прыгожы Дом культуры, дзе працуюць добрыя і ветлівыя людзі, яшчэ тут праходзяць цікавыя канцэрты, гульні, дыскатэкі.

Я вельмі люблю маю маленькую радзіму і запрашаю кожнага прыехаць у гэты мілы куточак Беларусі.

Алеся АКУЛІЧ,

вучаніца Прыбалавіцкай САШ.