Пакінуць след на зямлі
Днямі ў рэдакцыю раёнкі завітаў Анатоль Станіслававіч Кашэвіч. Ён – ветэран педагагічнай працы, выдатнік асветы БССР і СССР.
Нарадзіўся Анатоль у 1937 годзе ў вёсцы Крушнікі Петрыкаўскага раёна, калі па ўсёй Беларусі “чорныя груганы” хапалі людзей і энкэвусаўцы расстрэльвалі іх у сваіх казематах ці проста ў полі, ля выкапанай перад гэтым для іх агульнай магілы…
Бацька Анатоля працаваў калгасным кавалём, маці – пры школьнай гаспадарцы. З першых дзён вайны бацька – на фронце. З вайны не вярнуўся. Дзед Міколік і маці здолелі захаваць малых дзяцей.
Анатоль Станіслававіч расказвае: “У снежні сорак першага немцы спалілі нашу вёску. Мы жылі ў лесе, у куранях, наспех збудаваных з жэрдак і сасновых галінак. Унутры такога жытла ледзь цяплілася невялікае вогнішча. Мала хто з нас, дзяцей, ведаў пах хлеба. Калі ў каго-небудзь быў нейкі запас жыта, збожжа перамолвалі на самаробных прыстасаваннях, а атрыманую крупяную муку варылі. Атрымлівалася для таго часу вельмі смачная зацірка. Прыгатаваная такім чынам страва была проста дэлікатэсам! Неабходна сказаць, дзяліліся тады людзі адзін з другім апошнім. Мабыць, таму так трымаліся, выжывалі. Трохі лягчэй было летам, калі ў лесе з’яўляліся ягады, грыбы. А вось ад хлеба мы, дзеці вайны, зусім адвыклі, забылі яго смак.
Першы кавалак хлеба я ўбачыў вясной сорак трэцяга, калі перабраліся з лесу мы жыць у вёску, пабудаваўшы зямлянкі. Жылі ў іх па дзве-тры сям’і. Вясной мы, малыя, вылезлі з зямлянак на сонца. На вуліцы ўбачылі немцаў, якія абедалі. Забыўшы аб небяспецы, мы падышлі да салдат бліжэй, і тады адзін з іх кінуў у наш бок хлебныя агрызкі. Мы наляцелі на кавалкі хлеба. Кожны стараўся ўхапіць хоць адзін. Немцы смяяліся, крычалі і нават стралялі з аўтамата. Кавалак хлеба аказаўся ў маёй руцэ. Пясок, які сыпануў нам у вочы ад куль аўтамата, рэзаў вочы. Але я бег да зямлянкі, нюхаў хлеб, не звяртаў ні на што ўвагі.
У зямлянцы сваю здабычу падзяліў пароўну. І гэтыя кавалачкі хлеба не столькі елі, колькі нюхалі…
Больш за ўсё запомніўся дзень, калі прыйшлі ў вёску нашы салдаты-вызваліцелі. У тую студзеньскую раніцу сорак чацвёртага, прачнуўшыся першым, я ціхенька “захапіў” пару абутку (самаробныя чуні-бахілы), якія былі адны на ўсіх, нацягнуў саматканую світку і кінуўся на вуліцу. Там ішлі салдаты, рухаліся гружаныя павозкі. Асабліва мяне прыцягвала тая, ад якой даносіўся нейкі прыемны водар. Возчык прыкмеціў мяне, прыпыніў каня, спытаў, як клічуць, дзе бацька. А калі пачуў, што мне шэсць гадоў, а бацька на фронце, нетаропка пагладзіў вусы, адчыніў накрыўку вялікай скрыні і працягнуў буханку хлеба. Я схапіў яе, стаў абнюхваць, уцягваць у сябе яе водар, п’янеючы ад яго. Салдаты смяяліся, штосьці крычалі мне. Але іх смех і галасы зусім не былі падобныя на тыя, якія я чуў год назад, у сорак трэцім, калі нёс кавалачак нямецкага хлеба ў зямлянку. Ды і стрэлаў не было чуваць. Я не баяўся – салдаты былі свае.
У зямлянцы хлеб, як звычайна, падзялілі. Мне, як здабытчыку, дасталася больш. Спачатку мы ўсе хлеб нюхалі. Які быў выдатны ў яго пах! Запомніў я гэты пах на ўсё жыццё”.
Пасля вайны Анатоль скончыў Асавецкую СШ Петрыкаўскага раёна, служыў на флоце – на Чорным моры. Потым скончыў Мінскі педагагічны інстытут. Працаваў настаўнікам Слабадской васьмігодкі, некалькі гадоў – дырэктарам Данілевіцкай школы, больш 20 гадоў узначальваў педкалектыў Чырвонабярэжскай школы.
Разам з жонкай Ганнай Пятроўнай яны вырасцілі і выхавалі траіх дзяцей – Ірыну, Галіну і Валерыя, якія падарылі дзядулі і бабулі шасцёра ўнукаў…
Сёння Анатоль Станіслававіч – на пенсіі, жыве ў вёсцы Чырвонабярэжжа. Каб пакінуць нейкі след на зямлі, Анатоль Кашэвіч у некалькіх экземплярах для сваіх родных і блізкіх знаёмых склаў аўтабіяграфічную аповесць пад назваю “О времени прожитом”, дзе даходліва апавядае пра жыццё не толькі свайго пакалення, але і пакаленняў старэйшых. Кніга лічыцца сямейнай рэліквіяй, паколькі ў пачатку яе размешчана генеалогія сям’і аж да сёмага пакалення. Увесь тэкст аповесці пераплецены фотаздымкамі з сямейнага альбома.
У наступнай кнізе, якая маецца таксама ў некалькіх экземплярах, аўтар змясціў дакументальную аповесць “На куранях”, дзе, спасылаючыся на сваю дзіцячую памяць тых далёкіх ваенных гадоў, Анатоль Кашэвіч расказвае аб тым, як жыхары вёскі Крушнікі, каб не сустрэцца з ворагам, у снежаньскую зімовую сцюжу пакінулі сваё жыллё і накіраваліся ў балотныя лясныя нетры, каб выжыць.
У наспех збудаваных куранях, галодныя і халодныя, трымаючы на руках гадавалых дзяцей, яны выжывалі.
У гэтай жа кнізе аўтар змясціў аповесць “Новенькая”, урыўкі з якой у свой час рэгулярна друкаваліся на старонках нашай газеты “Светлае жыццё”. У гэтай аповесці апавядаецца пра жыццё жыхароў аддаленай ад райцэнтра вёсцы Данілевічы ў шасцідзесятыя гады мінулага стагоддзя, пра моладзь, настаўнікаў, з якімі працаваў Анатоль Кашэвіч некалькі гадоў дырэктарам школы.
У гэтай кнізе аўтар змясціў многія свае апавяданні, нарысы, замалёўкі, якія таксама ў свой час друкаваліся на старонках “Светлага жыцця” і ў другім перыядычным друку.
Сёлета асобнай кнігай выйшла з друку дакументальная аповесць “На куранях”.
Робячы рэцэнзію на гэтую кнігу, пісьменнік Беларусі Віктар Казько, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, адзначыў, што “само” ужо гэта пазначэнне “дакументальнае” гаворыць аб многім. Жыццё людзей у той час было падсечана ўнутранай і знешняй акупацыяй душы і зямлі – хапунамі і вайной, уласнай неадухоўленасцю. Усё гэта аўтар бачыў, перажыў. Можа таму гэтая дакументальная аповесць так яскрава сведчыць аб тых далёкіх мінулых гадах ваеннага ліхалецця. І пытанне гэтае вельмі балючае і цікавае, як і ўклад жыцця, бытаванне людзей, асабліва дзяцей у куранях. І пра гэта нельга забываць, як няварта забываць, што душы жывых і сёння памерлых ужо былых дзяцей вайны, як і душы чырвонаармейцаў, пахаваных у братніх магілах, пра якія піша Анатоль Кашэвіч, яшчэ не супакоіліся, выходзяць з могілак з пытаннем да ўсяго свету: “Ребятки, скажите, а война ещё не закончилась?” Не, яшчэ не закончана, пакуль не будзе пахаванае апошняе дзіця вайны, не адамрэ людская скруха памяці тых далёкіх гадоў страшнай вайны…”
Дакументальную аповесць “На куранях” запланавана надрукаваць у адным з нумароў часопіса “Полымя”.
Жадаю паважанаму Анатолю Станіслававічу і ўсёй яго вялікай сям’і моцнага здароўя і самага найлепшага ў жыцці.
Ніна ПАДОЛЬСКАЯ.