3 верасня Лельчыцы гасцінна сустракалі ўдзельнікаў святкавання Дня беларускага пісьменства.

Як і было запланавана, а 13 гадзіне на мяжы з Жыткавіцкім раёнам прадстаўнікі раённай улады і духавенства на чале са старшынёй раённага выканаўчага камітэта Аляксандрам Васільевічам Капытковым сустрэлі ўдзельнікаў рэспубліканскай навукова-творчай экспедыцыі, што прывезлі да нас Благадатны Агонь ад Гроба Гасподня.

На Беларусь Благадатны Агонь ад Гроба Гасподня ў Іерусаліме быў завезены напачатку 90-х гадоў. Лампада са святыні захоўваецца на алтары Мінскага кафедральнага Свята-Духава сабора. Амаль кожны год удзельнікі навукова-творчай экспедыцыі запальваюць новую лампаду і нясуць Святы агонь па зямлі роднай Беларусі разам са святлом высокай духоўнасці. У склад экспедыцыі ўваходзяць людзі, якіх можна смела назваць духоўным скарбам нашай Бацькаўшчыны. Гэта таленавітыя літаратары, навукоўцы, прадстаўнікі духавенства, работнікі культуры. Сёлета ў святы шлях накіраваліся выдатныя паэты Ніна Загорская, яна ж кіраўнік экспедыцыі, Генадзь Пашкоў, Вадзім Спрынчанаў, Яўген Пясецкі, навукоўцы Аляксандр Лапата-Загорскі (намеснік кіраўніка экспедыцыі), Сцяпан Лаўшук і многія іншыя.

Пасля кароткага прывітання ўдзельнікі сустрэчы накіраваліся ў мікрараён, каб залажыць там Сад Малітваў. Неўзабаве каля памятнага знака ахвярам чарнобыльскай катастрофы з’явілася пасадка маладых дубкоў. Ніна Сямёнаўна Загорская пакінула ў гэтым садзе і зямлю, прывезеную з сабою.

— Гасподзь ушанаваў сваёй ласкай вашу зямлю, — сказала яна ляльчанам. Квітнейце ж па Божай волі, жывіце ў згодзе, шчасці і здароўі!

Пасля ўдзельнікі экспедыцыі пабывалі ў некаторых калектывах. Яны наведалі гарадскі Цэнтр культуры, САШ № 2, ГПТУ-188, цэнтральную раённую бальніцу і бібліятэку, у якой прайшла імправізаваная літаратурная сустрэча: спачатку чыталі свае творы мясцовыя паэты, потым — госці.

А ў хуткім часе каля гарадскога Цэнтра культуры адбыўся кароткі мітынг. Сюды, як на свята, сабралася шмат людзей рознага ўзросту – і зусім яшчэ юныя, і сталыя, і ў гадах.

Вітаючы прысутных, кіраўнік раёна А. В. Капыткоў сказаў: “Благадатны Агонь ад Гроба Гасподня з’яўляецца для нас найцудоўнейшым падарункам і благаслаўленнем да 440-годдзя нашага горада. Няхай жа ён будзе жыць у душы кожнага!”. Аляксандр Васільевіч перадаў Ніне Сямёнаўне Загорскай лельчыцкую зямлю для пасадкі Сада Малітваў у горадзе Смаргонь, дзе праходзіць Дзень беларускай пісьменнасці, як сімвал Малітвы за Беларусь, за яднанне славянскіх народаў за мір на зямлі.

Удзельнікаў мітынгу віталі таксама Ніна Сямёнаўна Загорская, мітрафорны пратаіерэй Свята-Духава Кафедральнага Сабора – галоўны захавальнік Благадатнага Агню ад Гроба Гасподня Сергій Гардун, настаяцель храма ў гонар Святой Тройцы пратаіерэй Алег Несцярэня.

Потым адбыўся Хрэсны ход да царквы. Сотні людзей ішлі па ўсёй шырыні вуліц да храма, каб ад Святога Агню запаліць свае свечкі і памаліцца за здароўе, ачышчэнне душы ад граху, за свой лёс і будучыню краіны. Радасць, цеплыня і дабрыня панавалі ў душах людзей. Надзеяй свяціліся іх твары.

Пасля набажаства і духоўнай дзеі ў храме Н. С. Загорская падарыла А. В. Капыткову духоўную літаратуру для жыхароў раёна. Вернікам быў раздадзены на свечы Благадатны Агонь. Яны развітваліся з членамі экспедыцыі і ішлі дадому. Усе прылягаючыя к царкве вуліцы павольна калыхаліся святлом мноства свечак з Благадатным Агнём, агнём нашага духоўнага абуджэння, ачышчэння, агнём нашых лепшых надзей і неўміручай веры.

Ірына САКАВЕЦ.

Фота Адама ЖОГЛЫ.