Ёсць такі маршрут
Кожны край па-свойму экзатычны сваімі непаўторнымі мясцінамі і краявідамі. Не з’яўляюцца выключэнем і нашы Глушкавічы. Менавіта тут знаходзіцца адзінае месца ў Беларусі, дзе сапраўдны каменны падмурак выходзіць на паверхню зямлі, дзе на свае вочы можна ўбачыць скалы і агаленні самых старажытных на зямлі мігматытавых гор, а таксама гранітныя парогі на Убарці, як на сібірскіх рэках.
Таму і не дзіўна, што нядаўна рэспубліканскі цэнтр турызму і краязнаўства навучэнскай моладзі адкрыў у Глушкавічах новы турыстычны маршрут. Група старшакласнікаў з мінскіх школ на чале з даследчыкам В. Я. Ермаловічам разам з пагранічнікамі Гомельскага пагранатрада наведалі адну з чатырох былых глушкавіцкіх застаў ва ўрочышчы Ручэй, дзе некалі быў Мікалаеўскі хутар.
Ужо за ваколіцай вёскі, выйшаўшы з Пагранічнай вуліцы, дзе ў снежні 1942 года праходзіла лінія абароны Сумскога злучэня двойчы Героя Савецкага Саюза генерала С. А. Каўпака, вандроўнікі апынуліся на “казённым”па-гранічным шляху. Тут у снежні 1942 года каўпакаўцы вялі жорсткія баі, а 12-14 чэрвеня 1943 года перад славутым Карпацкім рэйдам партызаны стаялі на адпачынку. Восенню гэтага ж года пасля рэйду пабудавалі тут свой лясны лагер са штабам на хутары Канатоп.
Але найбольш зацікавіла мінскіх турыстаў былая пагранічная застава. Нават сам Ермаловіч, які, дарэчы, займаецца вывучэннем старой савецка-польскай мяжы 1921-1939 гадоў, вельмі здзівіўся вялікім памерам гэтай заставы. Так што шмат было чаго тут пабачыць і нямала яшчэ чаму ёсць здзівіцца. Затым разам з пагранічным нарадам усе наведалі ўчастак цяперашняй беларуска-украінскай мяжы.
Побач з маршрутам расце рэдкае і ўнікальнае для Беларусі кустоўе жоўтага рададэндрана, якога яшчэ называюць пантыйскай азаліяй ці альпійскай ружай, а па-мясцоваму – турэцкім багном. На самім жа шляху можна ўбачыць рэшткі былой печы, якія яскрава сведчаць аб месцы, дзе ў дарэвалюцыйны час людзі займаліся лясным промыслам. Недалёка ад маршруту, ва ўрочышчы Зімовішча, знаходзяцца і ахоўваемыя славутыя дубы, паглядзець на якія ў свой час прыязджала нават дэлегацыя з далёкай Японіі.
Што ж застаецца? Не так ужо і шмат: мясцовым лясніцтву, школе і сельсавету абсталяваць як мае быць для наведвання турыстаў і вандроўнікаў пагранзаставу і побач, каля шляху, былы лагер каўпакаўцаў. Добрую справу падтрымаюць і пагранічнікі Гомельскага пагранатрада. А ў планах Мілашавіцкага лясгаса па былому пагранічнаму шляху намечана зрабіць дарогу з цвёрдым пакрыццём.
Ул. ЗУБРЭЙ. в. Глушкавічы.