Умацаванне аграпрамысловага комплексу з’яўляецца адной з прыярытэтных задач дзяржавы. Прадастаўленне сельгаспрадпрыемствам ільготных крэдытаў дае магчымасць паскоранымі тэмпамі весці жыллёвае і вытворчае будаўніцтва, умацоўваць матэрыяльна-тэхнічную базу. Прыкладам у гэтым можа служыць КСУП “Ударны”. Толькі за апошнія гады тут узведзена і здадзена ў эксплуатацыю каля дзесятка катэджаў з усімі надворнымі пабудовамі. Машынна-трактарны парк папоўніўся новай энерганасычанай тэхнікай. У жывёлагадоўлі таксама ўзяты курс на тэхнічнае пераўзбраенне. Сіламі рабочых ЗАТ “Альянс” на цэнтральнай сядзібе гаспадаркі ўзводзіцца малочны комплекс, разлічаны на ўтрыманне 720 галоў кароў.

Увод яго ў эксплуатацыю намечаны на канец бягучага года. Будаўнікі разумеюць важнасць пастаўленай перад імі задачы, таму стараюцца, прыязджаюць на работу раней вызначанага распарадкам дня часу. Ніхто не прымушае іх працаваць і ў выхадныя дні, але яны самі вырашылі за кошт субот і нядзель паскорыць тэмпы будаўніцтва. Прыемна назіраць, як увішна вядуць мантаж даільнага абсталявання ў адным з памяшканняў рабочыя Расціслаў Віктаравіч Рагавы і Іван Васільевіч Бялоцкі. Тут жа ў адной звязцы – маляры і тынкоўшчыкі, плітачнікі, спецыялісты іншых будаўнічых прафесій. У работу ўключаны магутныя пагрузчыкі, бульдозеры, краны, самазвалы. Усяго задзейнічана на аб’екце 80 чалавек. Справа знаходзіцца кожнаму. Умела кіруюць вытворчымі працэсамі прараб закрытага акцыянернага таварыства Анатоль Мікалаевіч Барысаў і майстар Васіль Данілавіч Стахоўскі. Усяго на ўзвядзенне малочнага комплексу выдзелена 8,5 мільярда рублёў. Большая палавіна іх будаўнікамі ўжо асвоена.

Сёлета, зазначае ў размове дырэктар КСУПа Міхаіл Сямёнавіч Флёрка, нам неабходна больш як на палавіну павялічыць у параўнанні з мінулым годам валавую вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі. Дасягнуць гэтага можна толькі пры ўмове росту выхаднога пагалоўя, укаранення новых форм і метадаў кіравання, актыўнай работы ў сацыяльнай сферы, фарміравання высокапароднага статка, паляпшэння кармавой базы, павышэння тэхналагічнай дысцыпліны. Высокаэфектыўная вытворчасць ужо ў хуткім часе павінна стаць падмуркам здаровай эканомікі гаспадаркі.

А. БЕЛЬКАВЕЦ. Фота аўтара.