Зажынкі ў КСУПе «Чырвоны дазор»
Як на святочны парад, выехалі ў гэты дзень з мехпарка на адзін са збожжавых палеткаў члены ўборачна-транспартнага атрада сельгаспрадпрыемства “Чырвоны дазор”. Наперадзе калоны на новым камбайне КЗС-12 вопытныя механізатары Аляксандр Аляксандравіч Лісіцкі і Віктар Іванавіч Алешка. Ім аказаны асаблівы гонар – абмалаціць першую загонку ячменю.
А вось і поле. Акрамя механізатараў, прыехалі сюды даць наказ хлебаробам кіраўнікі і спецыялісты гаспадаркі, прадстаўнікі мясцовай улады, адказныя работнікі раённых службаў. Настрой удзельнікам жніва ўзнімалі самадзейныя артысты Мілашавіцкага і Бараўского сельскіх Дамоў культуры. Жанчыны падхопліваюць сярпамі залацістае калоссе ячменю і звязваюць яго ў сноп. Па традыцыі ён уручаецца дырэктару КСУПа Мікалаю Уладзіміравічу Марозу.
Не засталіся па-за ўвагай і перадавікі мінулагодняга жніва. Пад апладысменты прысутных ім павязалі чырвоныя стужкі і ўручылі букеты жывых кветак. Над ваколіцай прагучалі песні аб хлебе, аб роднай зямлі, аб слаўных і працавітых людзях, якія жывуць на ёй.
А. БЕЛЬКАВЕЦ. Фота Адама ЖОГЛЫ.