Для камунальнага ўнітарнага прадпрыемства меліярацыі і воднай гаспадаркі “Гомельмеліяводгас” стала ўжо правілам праводзіць абласныя семінары-нарады і пасяджэнні выязнога савета на базе УП “Лельчыцкая ПМС”. Падобнае мерапрыемства прайшло нядаўна.

І гэта не выпадкова. Прадпрыемства за ўсе гады свайго існавання не было ў ліку адстаючых. Меліяратарам давялося прыкласці нямала намаганняў, каб па вытворчых і эканамічных паказчыках падняцца на вышэйшую прыступку абласнога п’едэсталу гонару. Сёння УП “Лельчыцкая ПМС” з’яўляецца адным з лепшых і буйнейшых калектываў у аб’яднанні. У зону яго абслугоўвання ўваходзяць усе землекарыстальнікі аграпрамысловага комплексу раёна, 29,8 тысячы гектараў асушаных зямель, або 65% ад агульнай плошчы сельгасугоддзяў. З іх на 18,8 тысячы гектараў пракладзены закрыты дрэнаж. На гэтых землях узведзена 1259 гідратэхнічных збудаванняў, у тым ліку 15 шлюзаў, 442 трубы-рэгулятары, 545 труб-пераездаў і 35 мастоў. Працягласць адкрытай сеткі складае 2278,7 кіламетра. Ёсць і польдэрная сістэма плошчай у 6929 гектараў, на якой пабудавана 5 помпавых станцый і 108 кіламетраў дамбаў. Для абслугоўвання меліярацыйнай сістэмы машынна-трактарны парк укамплектаваны дастатковай колькасцю тэхнікі. Толькі трактароў розных мадыфікацый тут налічваецца 16. У распараджэнні меліяратараў таксама 10 экскаватараў, 14 касілак, 16 аўтамабіляў, поўны комплекс іншых машын і прычапнога інвентару, прызначанага для выканання работ на аб’ектах.

З года ў год прадпрыемства ўдасканальвае методыку сваёй работы, расшырае вытворчую базу, паляпшае эканамічныя паказчыкі. Сёлета, напрыклад, за 6 месяцаў аб’-ём выкананых работ уласнымі сіламі ў дзеючых цэнах склаў 2639,7 млн. руб., або 147,9% да ўзроўню мінулага года.

Знаёмячыся з ПМС, ўдзельнікі семінара-нарады пераканаліся ў тым, што тут адна з лепшых у вобласці і рамонтная база. Уразіла ўсіх чысціня і парадак, наяўнасць у майстэрні неабходных для работы станкоў, кран-бэлек, інструменту і іншага абсталявання. Асабліва зацікавіла многіх арганізацыя ўліку і захоўвання нафтапрадуктаў, зберажэння энергарэсурсаў, стварэння належных умоў для працы і адпачынку лю-дзей. У ходзе азнаямлення з вытворчай базай і працоўнай дзейнасцю калектыву даваў тлумачэнні і адказваў на шматлікія пытанні дырэктар прадпрыемства І. І. Патрэеў. Было што паказаць гасцям і на меліярацыйным аб’екце “Стадолічы”. Тут зараз выконваюцца аграмеліярацыйныя работы. У комплексе праводзяцца абкошванне абочын каналаў, іх ачыстка ад заілення і хмызняку, укладка трубарэгулятараў і дрэнажу, падсыпка дамбы, рамонт мастоў і шлюзаў, планіроўка плантацый і іх залужэнне. У складаных умовах надвор’я, выкліканых пераўвільгатненнем глебы, людзі працавалі з падвоенай энергіяй, паказвалі высокае прафесіянальнае майстэрства, умела манеўравалі тэхнікай, імкнуліся ўнесці дастойны ўклад у памнажэнне ўрадлівай сілы кожнага меліяраванага гектара.

Высокая ацэнка была дадзена калектыву за работу па абслугоўванню аб’ектаў і на пленарным пасяджэнні, якое праходзіла ў зале адміністрацыйнага будынка ПМС.

А. БЕЛЬКАВЕЦ.