Сельгаспрадпрыемства “Новая ніва” з’яўляецца прыгараднай гаспадаркай. Акрамя збожжавых і прапашных кармавых культур, спецыялізуецца на вырошчванні агародніны. Летась толькі сталовыя буракі былі размешчаны на 30-гектарнай плошчы. Сваёй прадукцыяй мясцовыя хлебаробы забяспечваюць прадпрыемствы грамадскага харчавання, школьныя і дашкольныя ўстановы райцэнтра. Яна ж адпускаецца рабочым у выглядзе натураплаты, рэалізуецца на кірмашах. За кошт яе штогод значна папаўняюцца і фуражныя запасы для статка. У стойлавы перыяд з кармавых рацыёнаў не выключаюцца караняплоды і морква, што садзейнічае высокай прадукцыйнасці жывёлы, нармальнаму развіццю маладняку.

Не меншыя плошчы адведзены пад агародніну і сёлета. Акрамя асноўных культур, практыкуецца вырошчванне агуркоў, памідораў, цыбулі, капусты як у адкрытым грунце, так і ў цяпліцах. У барацьбе за высокі ўраджай ужо зроблена многае. Сяўба праведзена па добра апрацаванай і багата запраўленай ўгнаеннямі глебе, насеннем перспектыўных раяніраваных гатункаў. Пасевы ўтрымліваюцца ў чыстым стане. Гэтаму садзейнічае старанны іх догляд. У барацьбе са шкоднікамі, хваробамі і пустазеллем прымяняюцца як хімічныя, так і механічныя метады. Хімпраполку караняплодаў вядуць механізатары Васіль Іванавіч Ляхавец і Уладзімір Мікалаевіч Грынцэвіч. Пэўны аб’ём работ па догляду пасеваў выконваецца ўручную, хаця лішніх людзей у сельгаспрадпрыемстве няма. Яны прыцягваюцца з арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў раёна. Актыўную дапамогу аказваюць пенсіянеры. Высокай арганізаванасці на палетках, зазначае ў размове галоўны інжынер КСУПа Міхаіл Антонавіч Жабароўскі, садзейнічае матэрыяльная зацікаўленасць. Людзям, якія бяруць участкі і займаюцца вырошчваннем той ці іншай культуры, выдзяляецца зямля для пасадкі бульбы ў палях севазваротаў. За выкананы аб’ём работ своечасова праводзяцца разлікі па высокіх расцэнках. Выдаецца 10% ураджаю ад сабранай яго колькасці. Аказваюцца іншыя паслугі. Таму і работа на палетках спорыцца.

Не пакінуты па-за ўвагай бульба і кукуруза. Зараз асноўная ўвага звернута на ўтрыманне іх пасеваў у чыстым стане. Частыя дажджы садзейнічаюць хуткаму росту шкоднай расліннасці. Барацьбу з ім хімічным спосабам вядуць механізатары Мікалай Мяфодзьевіч Тушынскі і Уладзімір Мікалаевіч Грынцэвіч. Падкормліваюць пасевы кукурузы азотнымі тукамі і адначасова праводзяць міжрадковую апрацоўку трактарысты Пётр Мікалаевіч Сініцкі і Уладзімір Мікалаевіч Шукаловіч. А вось вырошчванне бульбы поўнасцю перададзена ў рукі звеннявога Віктара Іванавіча Лася. Высокапрадукцыйна выкарыстоўваючы тэхніку, ён прыступіў ужо да акучвання гэтай культуры трэці раз.

А. СЦЯПАНАЎ