На тэрыторыі нашай школы ёсць музей «Сялянская хата», які пачаў працаваць з 1 верасня 2011 года. Да гэтага ён знаходзіўся ў будынку школы і меў назву «Спадчына». Загадчыца музея — настаўніца беларускай мовы і літаратуры Святлана Міхайлаўна Акуліч. Экспанаты прыносілі настаўнікі і вучні, якія хадзілі да сваіх бабуль і там знаходзілі старадаўнія рэчы ў куфрах, на гарышчах. Сёння музей налічвае больш ста экспанатаў, але яны з кожным днём папаўняюцца.

У музеі ёсць посуд, які ў даўніну выкарыстоўваўся беларускімі сялянамі. Ён быў вельмі разнастайны: драўляныя міскі, каўшы, бочкі, вёдры, кублы, дзежкі, слоікі, балеі, гліняныя гаршкі, латкі, макотры, гладышы, збаны, слоікі і інш. Гэты посуд меў зручныя, адметныя формы і прызначаўся для пэўных гаспадарчых мэт. Аднак у жыцці беларускага селяніна ён меў сімвалічнае, абрадавае значэнне. Аб такой сувязі гаворыць круглая форма, якую звычайна маюць пасудзіны. Несумненную сувязь з сонечнай сімволікай у старажытнай беларускай хаце мае хлебная дзяжа, у якой гатаваўся такі важны для чалавека прадукт, як хлеб. Дзяжу вельмі паважалі ў сялянскім асяроддзі, часта ставілі ў самае ганаровае месца ў хаце.

Асабліва на Чысты чацвер праводзілі абрад «мыцця хлебнай дзежкі”. Каля хаты разводзілі агонь, у якім спальвалі смецце, вымеценае з хаты. Потым каля вогнішча мылі дзежку, гэтай жа вадой аблівалі хату, што павінна было паспрыяць дабрабыту ў доме. Удзельнічала хлебная дзяжа і ў вясельным абрадзе. У первую чаргу яе выкарыстоўвалі для развядзення цеста пры выпечцы рытуальнага каравая. У час вяселля існаваў таксама абрад “пасаду на дзяжу”. Гэты абрад павінен быў выявіць “чысціню маладых” — калі чысціня імі не была захавана да вяселля, яны не мелі права сесці на дзяжу. Бывалі выпадкі, калі бацька не благаслаўляў сына, які адмовіўся сесці на дзяжу, а значыць, не захаваў чысціні.

Ёсць у музеі серп, без якога немагчыма было сабраць ураджай. Таксама прылады працы гаспадара — саха, барана, сякера, малаток і гаспадыні — прас, качалкі. Прас награваўся вуголлем, якое бралася з печы. Прасавалі адзенне святочнае. А будзённае і бялізну разгладжвалі з дапамогай качалак. Бялізну мылі ў ночвах, якія рабілі з мяккай драўніны — з ліпы. Гэтыя ночвы служылі і калыскай для дзяцей.

Яшчэ ў музеі ёсць ткацкі станок. Сёння не кожная гаспадыня можа справіцца са швейнай машынкай, не гаворачы ўжо пра ткацкі станок. Шчыра кажучы, многія яго ў вочы не бачылі. Раней жа ткаць умелі ўсе. Самых выдатных майстроў ведалі далёка за межамі іх роднай вёскі і запрашалі ў самы адказны момант — калі заладжалі кросны.

Улетку людзі не ткалі, бо было шмат работы. Калі была зжата ўся збажына і прыбраныя палі, пачыналі работу на станку. Яны былі не ў кожнай хаце, але жанчыны збіраліся на вячоркі. Хто праў, хто ткаў, усё рабілася з песняй і амаль да самага ранку. Ткаць на станку — вельмі цяжкая праца.

Калі ў сям’і былі дачушкі, то яны абавязкова павінны былі умець ткаць. І наткаць сабе прыданага, каб затым пайсці з ім замуж. На станку ткалі ўсё: посцілкі, ручнікі, палавікі і інш. І зараз у нашай вёсцы ёсць людзі, якія працягваюць займацца справамі сваіх дзядоў і бацькоў.

Мне добра запомнілася экскурсія па музеі, бо яна прайшла вельмі цікава і была пазнавальнай, засталося шмат выдатных эмоцый. І вас, паважаныя чытачы, запрашаем наведаць наш музей. Упэўнена: вам вельмі спадабаецца.

Алеся АКУЛІЧ,

вучаніца Прыбалавіцкай сярэдняй школы.