Днямі ветэрану педагагічнай працы Галіне Іванаўне Лісіцкай споўнілася 80 гадоў.

Нарадзілася Галіна Іванаўна на Бабруйшчыне ў сям’і рабочага. Да вайны паспела скончыць толькі два класы.

—Колькі гора нацярпелася, і ўспамінаць цяжка, — гаворыць жанчына. – Давялося хавацца ад немцаў у лесе і балоце. Аднойчы напярэдадні Вялікадня фашысты сагналі да магазіна нашага пасёлка малых і старых. Наставілі кулямёты і крычаць: “ Адна хвіліна страху!”

Людзі плакалі, падалі на калені, прасілі адпусціць. Фашысты загадалі прынесці прадукты. Каб захаваць дзяцей і самім застацца жывымі, вяскоўцы аддалі апошняе, што ў каго было. На шчасце ў той дзень усё абышлося. Але ж карны атрад спаліў больш 10 навакольных вёсак. Яны так і не адрадзіліся. Іх назвы значацца ў жалобных спісах Хатыні. Шмат бяды прынесла вайна ў кожную сям’ю. Вось і ў родзічаў бацькі Галіны Іванаўны немцы расстралялі 5 чалавек.

—Многае захавала дзіцячая памяць, якая, я спадзяюся, не памрэ і калі адыдзе ў другі свет наша пакаленне, — кажа жанчына. – Хаця цяпер іншы раз сустракаем у некаторых газетах выказванне, што хопіць “карміць” людзей вайною…

Вучобу ў школе Галіне давялося прадоўжыць толькі пасля вайны. Як і іншыя вучні, была пераросткам. Дзесяць класаў дзяўчына скончыла ў 20 гадоў. Марыла стаць педагогам. Яшчэ калі вучылася ў пачатковых класах вельмі любіла сваю настаўніцу Алену Браніславаўну Мураўскую. Памятае, як сачыла на ўроках за кожным яе рухам, лавіла кожнае слова. Гэта ўлюбёнасць і паўплывала на выбар будучай прафесіі. Галіна паступіла на філалагічны факультэт Бабруйскага настаўніцкага інстытута, які скончыла ў 1954 годзе.

Па размеркаванню трапіла на працу ў Грабяні. Дарэчы, сёлета споўніцца 58 гадоў, як яна прыехала ў наш раён.

—Гэта вёска была зусім не падобнай на пасёлак, дзе я жыла, вучылася ў школе, —успамінае Галіна Іванаўна. – У нас былі электрычнасць, магазіны, радыё, лазня, асфальтаваная дарога. У Грабянях у той час пра гэта можна было толькі марыць. Пошту сюды вазілі раз на тыдзень. Тэлефон быў адзін, ды і той не заўсёды працаваў. Вакол – бездараж. Мы амаль кожную суботу праводзілі ў вёсках заняткі з жыхарамі па праграме ўсенавучу, чыталі лекцыі па дзесяцідворках. Мая і яшчэ дзвюх настаўніц зона была ў Кавыжаве. Пакуль выступім перад вяскоўцамі, то і сцямнее. Дадуць правадніка з кіем і ліхтаром – і мы ў Грабянях. У школе вучыліся дзеці з Кавыжава, Альховай, Вязавой, Жмурнага, Усава, Запясочнага. Дабіраліся пешшу. У непагадзь паспявалі толькі на другі ўрок.

Нялёгка даліся маладой настаўніцы першыя месяцы работы. А тут яшчэ ў апошняй чвэрці скарацілі класы-камплекты і напаўняльнасць у яе шостым стала такая, што лінеек у журнале не хапала, каб запісаць усе прозвішчы. Давялося выкладаць акрамя роднай мовы і літаратуры гісторыю і геаграфію ў 7 і 8 класах.

Г.І. Лісіцкая з удзячнасцю ўспамінае Мацвея Данілавіча Некрашэвіча, які ў той час быў дырэктарам Грабянёўскай СШ, яго жонку Проссю Макараўну. Гэта яны далі ёй прытулак, накармілі, калі ўпершыню прыехала ў незнаёмую вёску. Тры дні жыла ў іх, пакуль не ўладкавалася на кватэру.

— У гаспадыні мне было добра, — працягвае свой расказ мая субяседніца. – Шмат даведалася пра яе жыццё, звычкі, традыцыі палешукоў, дваранства. Сядзім, бывала, на печы пры лямпе каля двух мяшкоў семак і размаўляем. Наогул, палешукі – людзі вельмі спагадлівыя, памяркоўныя. Да настаўнікаў адносіліся з вялікай павагай.

У Грабянях Галіна Іванаўна працавала нядоўга. Праз год накіравалі ў Дубніцкае. Выкладала рускую мову і літаратуру. Аднойчы прывезла вучняў на святкаванне Дня нараджэння піянерскай арганізацыі ў Лельчыцы. Тут і пазнаёмілася са сваім будучым мужам. Спадабаліся адзін другому з першага позірку. Хутка пажаніліся. Цудоўная пара атрымалася. Абое прыгожыя, высокія, статныя.

Яе мужу Сяргею таксама шмат давялося перажыць у гады ваеннага ліхалецця: і голад, і холад, і страх.

Маладыя спачатку жылі ў бацькоў Сяргея ў Пабедным. Працавала Галіна Іванаўна ў Будалельчыцкай сямігодцы завучам. Пасля пабудавалі ў гэтай вёсцы свой дом.

Сяргей працаваў вадзіцелем спачатку ў МТС, потым у іншых арганізацыях. Усюды вызначаўся стараннем, не курыў, ніколі не злоўжываў спіртным. У

1968 годзе, калі ў сям’і падрасталі ўжо двое сыноў і дачушка, пераехалі ў Лельчыцы. Галіна Іванаўна спачатку працавала загадчыцай дзіцячага сада, потым выкладала родную мову і літаратуру ў СШ №1. Работу сумяшчала з вучобай у Мінскім педінстытуце, які скончыла ў 1970 годзе.

Больш за 40 гадоў жыцця аддала Г.І. Лісіцкая педагагічнай рабоце. За дасягнутыя поспехі ў навучанні і выхаванні дзяцей узнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства асветы рэспублікі, а таксама Граматай аблупраўлення адукацыі.

Многія яе былыя вучні сталі ўрачамі, педагогамі, інжынерамі, механізатарамі, вадзіцелямі.

—Настаўніцкі хлеб несалодкі, — гаворыць Галіна Іванаўна. – Але лічу, што жанчыне дадзена прыродай даглядаць і выхоўваць дзяцей. Не шкадую, што выбрала менавіта гэту прафесію. Хоць і не дасягнула ў педагогіцы вышынь, але ніколі не даводзілася чырванець за сваіх вучныў. Заўсёды шукала памылкі ў сваёй працы, засмучалася, калі штосьці не ўдавалася, радавалася, калі рабяты добра адказвалі на ўроках. Шчаслівая, што давялося працаваць з такімі цудоўнымі педагогамі, як Тамара Пятроўна Васілеўская, Уладзімір Васільевіч Сыцько, Ева Сцяпанаўна Казачэнка, Марыя Яўгенаўна і Рыгор Кірылавіч Дваракоўскія. На жаль, няма ўжо сярод маіх былых калег Валянціны Якаўлеўны Рудніцкай, Мікалая Цітавіча Бабуркіна, Інэсы Рыгораўны Харкевіч.

Верным на ўсё жыццё аднойчы выбранай справе быў і Сяргей Іванавіч. 42 гады – такі быў у яго вадзіцельскі стаж. Пішу быў, таму што ў лістападзе 2007 года Сяргея Іванавіча не стала.

Памяць аб любімым мужы, дзеці і ўнукі – гэта тое, што падтрымлівае Галіну Іванаўну апошнія чатыры гады. Сыны і дачка – гордасць маці. Усе яны атрымалі вышэйшую адукацыю, маюць свае сем’і. Аляксандр працуе начальнікам аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама, Уладзімір – дырэктар райпалівазбыту, Людміла займаецца прадпрымальніцкай дзейнасцю, жыве ў Санкт-Пецярбурзе. Галіну Іванаўну радуюць сямёра ўнукаў і праўнучка. Дзеці і ўнукі не даюць жанчыне адчуць сябе адзінокай. Кожны дзень наведваюць, тэлефануюць. А днямі сыны Аляксандр і Уладзімір завіталі ў рэдакцыю, каб павіншаваць любімую маці з 80-годдзем. Далучаюся і я да гэтых віншаванняў. Жадаю Вам, паважаная Галіна Іванаўна, моцнага здароўя. Няхай кожны новы дзень прыносіць у ваш утульны дом толькі добрыя весткі.

Ніна ПАДОЛЬСКАЯ.