Ад прадзедаў нам засталася спадчына
Цікавае мерапрыемства адбылося ў чытальнай зале цэнтральнай раённай бібліятэкі, на якое запрасілі ветэрана педагагічнай працы С. А. Мядзведзеву, ляльчанку Г. М. Карась — сапраўдную энцыклапедыю фальклору, а таксама вучняў і настаўнікаў сярэдняй школы №2. Сустрэча была прысвечана народным святам і звязаным з імі абрадам.
Разам з вядучай, якая была апранута ў прыгожы нацыянальны касцюм, усе прысутныя адправіліся ў падарожжа, пазнаёміліся з каляндарна-абрадавымі і сямейна-бытавымі святамі, на якія багата беларуская зямля. Не лішнім будзе адзначыць, што ў нашым раёне яшчэ жывуць такія абрады, як “Чырачка” і “Жаніцьба коміна”, якімі не можа пахваліцца ні адзін раён у рэспубліцы.
Цікавым і змястоўным было выступленне С. А. Мядзведзевай. Ды гэта і не выпадкова, бо настаўніца выкладала родную мову і літаратуру, шмат гадоў свайго жыцця аддала адраджэнню нацыянальнай культуры, была кіраўніком школьнага музея. Святлана Аляксандраўна з натхненнем расказала, як разам з вучнямі рыхтаваліся да свят, як потым цікава яны праходзілі. А самымі любімымі і чаканымі былі калядкі, пра якія і па сённяшні дзень з радасцю і задавальненнем успамінаюць дзеці.
А другая частка мерапрыемства пачалася з паказу ўрыўка з вясельнага абрада “Завіванне нявесты”. Вось і маладыя ідуць… У гэты момант зацягнула даўнюю песню Галіна Макараўна Карась. Дарэчы, раней кожнаму моманту з вяселля была прысвечана свая песня. Усе імгненна, быццам па ўзмаху чароўнай палачкі, нібы апынуліся ў мінулым і затрымаліся там на некалькі хвілін. Думаю, у гэты момант многія ўспомнілі сваіх дзядуль, бабуль, іх расповеды пра сваю маладосць, задушэўныя песні, якія яны спявалі… Цяжка перадаць словамі тое хваляванне, якое адбылося ў душы падчас выканання песні.
— А яшчэ заспявайце! — просіць зал.
І Галіна Макараўна зноў пяе. Цудоўны, моцны голас! Прыгожа! Здаецца, слухаў бы і слухаў, бо зараз мала дзе можна пачуць такія песні.
А потым жанчына расказала пра сваё жыццё-быццё. Не, не было яно лёгкім, але заўсёды побач была песня — і працавалі з ёй, і адпачывалі. Яна і душу весяліла, і давала сілы радавацца жыццю, натхняла верыць у лепшае. Колькі працавалі тады на зямельцы-карміцельцы, колькі давялося займацца рукадзеллем — адзін Бог ведае. І адпачывалі з душой. На вяселлях якіх толькі танцаў раней ні танцавалі: полькі, падэспань, карапет, нарэчаньку, каробачку. Не было добрага абутку — дык у лапцях. Не бяда, калі стопчуцца, думала тады Галіна Макараўна, бацька новыя спляце! Як не сказаць яшчэ і аб тым, што ў Макараўны шасцёра дзяцей, 18 унукаў, 9 праўнукаў— вось сапраўднае багацце жанчыны! Ды і нягледзячы на свае амаль 80 гадоў, яна такая жвавая, вясёлая, з пачуццём гумару. А песень колькі ведае! Для гэтага памяць добрую патрэбна мець.
Яшчэ доўга не адпускалі сваіх гасцей прысутныя. Шмат песень выканалі для іх Галіна Макараўна і Святлана Аляксандраўна. Магчыма і слухалі з такой вялікай увагай таму, што песні гэтыя прасякнуты жыццёвай мудрасцю, маюць глыбокі змест, складзены нашым народам, яны кранаюць лірызмам і душэўнасцю. І вельмі хочацца, каб яны жылі, перадаваліся з пакалення ў пакаленне, бо гэта наша багатая спадчына, і мы павінны яе зберагчы для нашчадкаў.
Святлана ЛіПСКАЯ.