Магнетызм непрыстойнасці
Лета ў разгары. Надвячоркам ля ракі збіраецца шмат падлеткаў, чуюцца іх шчаслівыя галасы, узнёслы і радасны смех. І гэта вельмі добра, калі падрастаючае пакаленне бесклапотна адпачывае, радуецца жыццю. Але праз увесь гэты шчаслівы і радасны смех даносяцца да слыху непрыстойныя словы, ды не толькі ад хлопчыкаў, а іншы раз і ад дзяўчат. Хочацца задаць пытанне: адкуль усё гэта? Адказ адзін – прыкметнае духоўнае збядненне. А яно ж, як вядома, у апошнія гады ўсё больш хуткімі тэмпамі спаўзае да нас ад так званых “цывілізаваных” краін, праз розныя каналы інфармацыі.
Сапраўды, сёння псіхолагі і сацыёлагі аднадушна адзначаюць рост незразумелай агрэсіўнасці сярод дзяцей, падлеткаў і моладзі. А для гэтага ёсць не так і мала прычын: праблемы ў сям’і і парушэнне традыцыйных адносінаў паміж бацькамі і дзецьмі, культ сілы і насілля на тэле- і кінаэкранах, што ў сваю чаргу выклікае нездаровыя эмоцыі ды інстынкты. Цяпер бацькі разам са сваімі нашчадкамі глядзяць тэлефільмы, дзе прапагандуецца жорсткасць і разбэшчанасць. Чамусці ўспомніліся тыя выпадкі, калі ў нашым пасляваенным дзяцінстве кінамеханік прыкрываў рукою аб’ектыў, дзе мужчына з жанчынаю цалаваліся…
Прыкра, але факт: з прылаўкаў кнігарняў знікла добрая дзіцячая літаратура. Дзеці не адыходзяць ад тэлевізара, камп’ютэра, глядзяць усё запар без усялякага кантролю з боку бацькоў, зыходзяць з дому да позняга часу, трапляючы ў розныя кампаніі. Усё гэта збівае іх з правільнай дарогі, засмоктвае ўсё благое ў іх неакрэплыя душы.
І каля тэлеэкрана, і сярод аднагодкаў дзеці часта трапляюць у зусім іншае асяроддзе, у якім пераважаюць іншыя законы сілы і долара, прагрэсіруюць падман, хцівасць, дзяленне на багатых і бедных, а дабрыня і розум падвяргаюцца цкаванню, высмейванню і знявазе.
Не сакрэт для нікога і тое, што сярод падлеткаў у своеасаблівы культ узведзена брыдкаслоўе. Яно стала нібы пропускам у кампанію равеснікаў, дзяжурным “упрыгожваннем” любой размовы. Асаблівым жа шыкам лічыцца лаянка ў прысутнасці дзяўчат, якія на гэта не толькі не рэагуюць, а і самі лаюцца з няменшаю “круцізной”. Нават у 12-13-гадовым узросце і з цыгарэтаю ў зубах. Яны ўжо проста не ўмеюць саромецца ні старэйшых, ні сваіх бацькоў.
Дзіўна, але дарослыя падчас зусім не звяртаюць увагі на такія паводзіны падлеткаў і сваіх нашчадкаў. Нібыта і не разумеюць яны, які небяспечны “джын” выпушчаны з іх маўклівай згоды на волю. А хіба ў некаторых сем’ях не брыдкасловяць муж і жонка ў прысутнасці дзяцей, калі штосьці хочуць вырашыць між сабой?
Прызнацца, ніколі не думаў, што пэўныя сацыяльныя ўзрушэнні апошніх гадоў гэтак вокамгненна паўплываюць на наша маладое пакаленне. Але гэта тым не менш здарылася. Таму мы і маем сёння такія праблемы, з якімі нельга не лічыцца.
Вядома, што немалая віна за ўсё гэта кладзецца ў першую чаргу на саміх бацькоў. Скажыце, хіба не бачаць яны, чым займаюцца дзеці і што падчас іх няма дома далёка за поўнач? Хіба не адчуваюць, што іншым разам ад падлеткаў тхае цыгарэтамі і вінным перагарам? Чаму ў такіх выпадках не прыгадваюць, што іх малапісьменныя бацькі некалі трымалі іх у дысцыпліне і паслухмянасці. Жадаючы найперш аднаго – дабра і шчасця.
Пакуль неяк малаактывізуецца грамадскасць, каб рашуча спыняць гэткую разбэшчанасць сярод падлеткаў. Больш за ўсё спасылаюцца ў гэтых складаных пытаннях на школу, на настаўнікаў, якія яшчэ як-небудзь спрабуюць супрацьстаяць гэтаму разгулу. Аднак сёння і педагогі па-свойму дэмаралізаваны, паколькі вялізны ўсплыў у гэтым кірунку маюць мэтанакіраваныя ўсемагчымыя каналы інфармацыі, якія з’яўляюцца супярэчлівымі з патрабаваннямі да дзяцей з боку настаўнікаў і бацькоў.
Ды і маладыя настаўнікі іншы раз вядуць сябе сярод амаль сваіх аднагодкаў неяк не так, як патрэбна. Могуць дазволіць сабе пастаяць сярод падлеткаў, выслухаць іх брыдкаслоўе, разам зацягнуцца цыгарэтай, задаволена пасміхацца ды перакідвацца колкімі рэплікамі. Давялося бачыць такое і яшчэ зусім іншае. Калі аднойчы каля педагагічнага ўніверсітэта ля курылкі ў час перапынку студэнткі-дзяўчаты разам з хлопцамі зацягваліся цыгарэтамі, не звяртаючы ўвагу ні на старэйшых прысутных, ні на сваіх педагогаў, якія таксама смакавалі нікацін разам з імі. Падумалася: гэтыя маладыя педагогі ў будучым будуць несці культуру ў грамадства, выхоўваць падрастаючае пакаленне? Не, хутчэй за ўсё такія неўзабаве забудуць пра прызванне і дыплом, пойдуць працаваць гандлярамі, чаўнакамі ці кіяскёрамі. Але ж шкода, якую яны нанясуць дзецям на першых гадах сваёй працы, застаецца і будзе праяўляцца ў іх адносінах да вучобы і паводзінах.
Не, я ні ў якім разе не хачу пакрыўдзіць добра падрыхтаваных і сумленных маладых спецыялістаў-педагогаў, якія выбралі свой шлях у жыцці па прызванню, не па прынцыпу: не было дарогі – пайшоў у педагогі… На маю думку, становіцца відавочным, што ў новай генерацыі педагогаў ужо няма таго імпэту, з якім працавалі настаўнікі старэйшых пакаленняў. Як няма і той непрымірымасці, з якой ставіліся папярэднікі да любых праяўленняў негатыўнага ў маладзёжным асяроддзі. Магчыма ўсё гэта абумоўлена нейкімі эканамічнымі цяжкасцямі, прыкметным духоўным збядненнем не толькі педагогаў-выхавальнікаў, але ж і ўсяго грамадства ўвогуле. Таму, пэўна, і так выразна дае аб сабе знаць магнетызм непрыстойнасці сярод падлеткаў. А супрацьстаяць яму трэба. Бо дзеці – гэта наша будучыня, і будзе яна такой, колькі на яе алтар наша грамадства пакладзе сваёй мудрасці, клопатаў і духоўнасці. Таму і скупіцца яму на іх не выпадае…
Анатоль КАШЭВІЧ,
ветэран педагагічнай працы. в. Чырвонабярэжжа.