“Як на нашай ніўцы сёння зажынкі”
Для хлебаробаў КСУПа “Новая ніва” наступіла самая адказная пара – уборка ўраджаю. Па добрай традыцыі кожнае жніво тут пачынаецца з зажынак. Гэты абрад праводзяць самадзейныя артысты народнага ансамбля “Вяснянка” Ліплянскага СДК. Не выключэннем стала і сёлетняя ўборка.
Самадзейныя артысты ансамбля “Вяснянка”, намеснік дырэктара КСУПа Н. А. ХАЛЯВА завіталі на збожжавае поле, каб павіншаваць хлебаробаў з пачаткам уборачнай кампаніі.
Жанчыны просяць благаславення ў Бога, каб даў сілы, добрае надвор’е на ўсё жніво. Поле абуджае жніўная песня, пад якую жнеі сярпамі зажалі першы сноп, упрыгожылі яго кветкамі і падарылі аграному-насенняводу Івану Адамавічу Грынцэвічу.
Затым пачаліся традыцыйныя віншаванні і прывітанні камбайнерам і механізатарам. Гэта ім давядзецца з раніцы да позняга вечара ўбіраць і “парадкаваць” новы ўраджай.
Сёлета ў гаспадарцы шчыраваць, на жніве будуць сем ўборачных экіпажаў, у саставе якіх Аляксандр Паўлечка, Іван Случыч, Сяргей Лось, Ігар Халява, Сяргей Жогла, Аляксандр Кісялевіч, Пётр Паўлечка, Леанід Лісіцкі, Мікалай Астаповіч, Міхаіл Астаповіч, Мікалай Аўсянік, Віктар Буцько, Ігар Кудзін. На адвозцы збожжа ад камбайнаў заняты Леанід Рудзько, Ігар Грыб і Аляксандр Гапановіч. Менавіта ўсім ім самадзейныя артысты падарылі свае песні. Бо ад майстэрства і працоўнага настрою хлебаробаў залежыць поспех на жніве.
Праз некалькі хвілін экіпажы ўборачных машын дружна ўключыліся ў работу.
Людміла ЛОСЬ,
дырэктар Ліплянскага сельскага Дома культуры.