16 ліпеня ў Лельчыцах адбудзецца чацвёрты рэгіянальны фестываль песеннага мастацтва “Гэты дзіўны спеў – з глыбінь народных” на прыз мастацкага кіраўніка Нацыянальнага Акадэмічнага Народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г. І. Цітовіча, лаўрэата дзяржаўнай прэміі Беларусі, прафесара, народнага артыста Рэспублікі Беларусь М. П. Дрынеўскага. Добра, што менавіта на нашай зямлі, якая здаўна славіцца народнымі талентамі, прадоўжыў свой шлях гэты велічны і самабытны фестываль.

Як будзе праходзіць ён сёлета? У чым яго адметнасць? На гэтыя і іншыя пытанні нашага карэспандэнта адказвае дырэктар метадычнага цэнтра аддзела культуры райвыканкама Т. М. Некрашэвіч.

— Тамара Мікалаеўна, нагадайце нашым чытачам пра мэты і задачы фестывалю.

— Гэта развіццё і прапаганда беларускай культуры, далучэнне да шматвекавых традыцый, народнай мастацкай творчасці, развіццё здольнасцей і павышэнне ўзроўню выканаўчага майстэрства ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці, пашырэнне творчых сувязяў паміж раёнамі Палесся. Гэта і аднаўленне, пераемнасць мастацкіх традыцый рэгіянальнай народнай песеннай творчасці, узбагачэнне рэпертуару самадзейных мастацкіх калектываў лепшымі творамі беларускага песеннага мастацтва.

— Чым будзе адметны сёлетні фестываль і якая яго праграма?

У фэсце прымуць удзел самадзейныя артысты з дзесяці раёнаў Гомельскай вобласці, а таксама творчыя калектывы Алеўскага раёна Жытомірскай вобласці. Усяго каля 500 чалавек. Урачыстае адкрыццё фестывалю з удзелам кіраўніцтва раёна, упраўлення культуры аблвыканкама і паважанага Міхаіла Паўлавіча Дрынеўскага адбудзецца на цэнтральнай плошчы Лельчыц. Кожны творчы калектыў будзе сустрэты на Лельчыцкай зямлі караваем. Выступленне Нацыянальнага Акадэмічнага Народнага хору Рэспублікі Беларусь, а таксама закрыццё фестывалю адбудуцца таксама на плошчы Лельчыц.

Праграма выступлення будзе складацца з двух рознахарактарных твораў, адзін з якіх абавязкова павінен выконвацца без музычнага суправаджэння. Гэта беларускія народныя песні мясцовага паходжання і ў апрацоўцы беларускіх аўтараў. Праграмы фальклорных калектываў скіраваны на раскрыццё мастацкіх традыцый менавіта сваёй мясцовасці.

— Як будуць заахвочвацца ўдзельнікі фестывалю?

— Званне “лаўрэат” будзе прысуджацца калектыву, які прадэманструе высокамастацкія творы, выканаўчае майстэрства і сцэнічную культуру. Ён будзе ўзнагароджаны Дыпломам з уручэннем спецыяльнага прыза фестывалю і каштоўнага падарунка. Таксама дыпломамі і каштоўнымі падарункамі будуць адзначаны калектывы-пераможцы і індывідуальныя выканаўцы ва ўсіх намінацыях.

Завяршаецца падрыхтоўка да гэтага важнага мерапрыемства.

Спадзяёмся, што сёлетні фестываль, як і папярэднія тры, стане сапраўдным святам для нашых гасцей, яго ўдзельнікаў і ўсіх ляльчан.

Гутарыла

Ніна ПАДОЛЬСКАЯ.