195 год назад Глушкавічы сталі называцца дзяржаўным сялом. Па ўказу імператара Мікалая І з 12 красавіка 1826 года Глушкавічы былі перададзены ад прынца французскай каралеўскай дынастыі Бентэльсбахаў Яўгенія Вюртэнбергскага казённаму (дзяржаўнаму) ведамству.

Дарэчы, пасля падзення французскай манархіі, каралеўскія родзічы пакінулі радзіму і пачалі весці барацьбу з рэвалюцыянерамі. Так, член французскай каралеўскай дынастыі Бентэльсбахаў і брат жонкі расійскага імператара Паўла І Марыі Фёдараўны герцаг Аляксандр Вюртэнбергскі ўдзельнічаў у войнах супраць Францыі ў 1794-99 гадах на баку Аўстрыі. А ў 1800 годзе па рэкамендацыі генералісімуса А. В. Суворава паступіў на рускую службу. У Айчынную вайну 1812 года герцаг знаходзіўся пры галоўнай кватэры (штабе) М. І. Кутузава, у час Барадзінскай бітвы пэўны час камандаваў левым крылом рускага войска, а ў 1813 годзе – вызначыўшымся асобным корпусам у кампаніі супраць напалеонаўскай Францыі. З 1822 года быў прызначаны галоўным упраўляючым шляхамі зносін і публічнымі збудаваннямі Расіі.

Бліжэйшы родзіч герцага Аляксандра Вюртэнбергскага прынц Яўген Вюртэнбергскі (не выключана, што яго сын ці брат) валодаў Глушкавічамі з 1818 года, аб чым сведчыць такі дакументальны запіс: “Яго светласці прынцу Яўгену Вюртэнбергскаму ўсеміласціваму была надзелена гэтая мясцовасць на 50 год”. За той час (да 1826 года), калі Глушкавічамі валодаў французскі прынц, у сяле, якое знаходзілася на праезнай дарозе, у 1821 годзе побач з царквой і карчмой быў яшчэ адкрыты дом падкоўшчыка. На наступны год быў зроблены геаметрычны план Глушкавіцкай казённай лясной дачы, а ў 1824 годзе – рамонт мясцовай царквы.

Хаця з 1826 года Глушкавічы з’яўляліся дзяржаўным сялом, а з 1867-га і казённым сялом гаспадароў-уласнікаў, тым не менш тут па-ранейшаму дзейнічаў абшчынны характар вядзення гаспадарак, які быў звязаны з традыцыйным спосабам рассялення вяскоўцаў. Вылучаліся яшчэ глушкаўчане і колькасцю служыўшых у царскай арміі. У 1873 годзе ў сяле пражывала 128 былых салдат. І толькі з увядзеннем сельсаветаў у 20-я гады мінулага стагоддзя, а затым і масавай калектывізацыі сельскай гаспадаркі ў 30-я гады, абшчына, як суседскае аб’яднанне сялян-аднаасобнікаў, была ліквідавана.

У 1938 годзе Глушкавічы як сяло (а на той час яго называлі яшчэ і мястэчкам) перайшло ў разрад вёсак.

Уладзімір ЗУБРЭЙ.