Цікавая экскурсія ў Мазыр
На вясенніх канікулах мы, вучні Сіманіцкай сярэдняй школы, ездзілі ў Мазыр на экскурсію. У паездцы, акрамя настаўнікаў Ларысы Мікалаеўны Казачэнка і Людмілы Канстанцінаўны Цішкевіч, нас суправаджаў настаяцель нашай царквы айцец Іаан.
Спачатку мы наведалі кафедральны Сабор, дзе пабывалі ў музеі старых царкоўных кніг і рэчаў. Вельмі цікава нам расказвалі пра будаўніцтва Cабора і пра далейшае яго існаванне.
Потым накіраваліся ў краязнаўчы музей “Палескія веды”. Тут з дапамогай экскурсавода прасачылі жыццёвы шлях палешука ад нараджэння да адыходу ў нябыт. Адсюль мы падаліся на Замкавую гару. Яна ўяўляе сабой сярэдневяковы ўмацаваны гарадскі дзядзінец. Усім нам вельмі спадабалася ў гэтым музеі пад адкрытым небам.
Апошнім прыпынкам у нашай экскурсійнай праграме было наведванне гарналыжнага парка. Ён здзівіў усіх сваім сучасным выглядам і прыгажосцю. амоў мы вярталіся задаволеныя, радасныя, бо яшчэ трошкі даведаліся новага, цікавага аб гісторыі нашага Палесся.
Марыя ГРЫБ, вучаніца 9 класа.