Гурт “Карагод” на “Берагіні”
Унікальны і самабытны форум сабраў сёлета шмат удзельнікаў, а гэта звыш 800 чалавек – як з Беларусі, так і з Украіны ды Расіі. Узорны фальклорны гурт “Карагод” Ліплянскага CДК ужо другі раз прадстаўляў на фестывалі Гомельскую вобласць. Нашы самадзейныя артысты прымалі ўдзел у шматлікіх турнірах. У праграме “Харэаграфічнае мастацтва” яны занялі другое месца і былі ўзнагароджаны дыпломам II ступені і каштоўным падарункам. Паказвалі сваё майстэрства і ў турніры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, спявалі, танцавалі, дэманстравалі дэфіле народна-побытавага касцюма касцюма. А ў заключны дзень фестывалю разам з усімі ўдзельнікамі ладзілі Рудабельскае “Купалле”, дзе вадзілі карагоды, плялі вянкі ды скакалі праз вогнішча.
Чатыры дні праляцелі як адно імгненне. Па выніках фестывалю наш калектыў атрымаў пяць дыпломаў розных ступеняў і быў узнагароджаны каштоўнымі падарункамі. Ва ўдзельнікаў гурта засталося шмат прыемных уражанняў, дзеці пасябравалі са сваімі равеснікамі з іншых гуртоў, абменьваліся адрасамі, атрымалі запрашэнні прыехаць з канцэртнымі праграмамі ў розныя куточкі Беларусі.
“Берагіня” – гэта сапраўднае свята фальклорнага мастацтва, якое будзе жыць доўгія гады, пакуль нашы дзеці займаюцца народным танцам, народнай песняй, у якіх зберагаецца душа нашага народа.
Людміла ЛОСЬ,
дырэктар Ліплянскага СДК.