У пошуках новага, прывабнага, цікавага
Дапамагчы ўзрасціць і выхаваць душу чалавека ў празе ісціны, пазнання, любові, стварыць гарманічна развітую асобу – вось высакародная мэта Лельчыцкага гарадскога цэнтра культуры. Што робіць калектыў ГЦК, каб дасягнуць яе? На гэта і іншыя пытанні наш карэспандэнт папрасіла адказаць выконваючага абавязкі дырэктара гарадскога цэнтра культуры А. У. РАМАНАВА. — Аляксандр Уладзіміравіч, колькі гадоў працуе гарадскі цэнтр культуры і якія асноўныя напрамкі яго дзейнасці? — Установа культуры адчыніла свае дзверы ў 1972 годзе. Гэта быў раённы Дом культуры. З 1 сакавіка 2008 года, па рашэнню раённага выканаўчага камітэта, РДК нададзены статус “Лельчыцкі гарадскі цэнтр культуры”. Асноўныя напрамкі яго работы: — арганізацыя вольнага часу насельніцтва, развіццё здольнасцей да творчасці; — умацаванне новых форм работы; — захаванне і папулярызацыя традыцыйнай беларускай культуры; — арганізацыя і правядзенне культурна-масавых мерапрыемстваў, згодна з рэспубліканскімі, абласнымі і раённымі прыярытэтнымі праграмамі; — актыўнае развіццё работы клубных фарміраванняў; — павелічэнне колькасці платных паслуг і г. д. Адна з асноўных мэт гарадскога цэнтра культуры – далучэнне моладзі да народнай культуры і мастацкай творчасці. — Якія калектывы мастацкай самадзейнасці дзейнічаюць пры цэнтры культуры? — Усяго функцыяніруе 12 клубных фарміраванняў: 7 – для дзяцей і падлеткаў, 5 – для людзей сярэдняга і сталага ўзросту. Я з’яўляюся хормайстрам народнага мужчынскага вакальнага ансамбля “Лель”. Ён быў створаны ў 2000 годзе. Народная песня – наша духоўная гісторыя, наша святыня. З вуснаў у вусны, ад сэрца да сэрца, праз многія сотні гадоў прыйшло ў сённяшні дзень гэта дзіва. Мы стараемся збіраць усё лепшае, што ёсць у скарбніцы беларускай нацыянальнай культуры, і даць яму новае сцэнічнае жыццё. Калектыў з канцэртнымі праграмамі выязджае ў розныя населеныя пункты раёна, з поспехам паказвае сваё майстэрства і за межамі яго. У ансамблі ўсе маладыя, таленавітыя, улюбёныя ў свой родны край, сваю беларускую народную песню. Калектыў удзельнічае ў раённых, абласных, рэспубліканскіх фестывалях, конкурсах. Актыўнасць у час канцэртаў і іншых мерапрыемстваў праяўляюць ансамбль народнай песні “Крыніца”, у склад якога ўваходзяць Святлана Іванаўна Алешка, Вольга Адамаўна Калеснік, Таццяна Барысаўна Хламава, Наталля Анатольеўна Тарасавец, Алена Іванаўна Крышнёва, Наталля Іванаўна Хільчанка, Наталля Мікалаеўна Калесная. Эстрадныя салісты — Алеся Паўлечка, Мікіта Журовіч, Андрэй Калесны, Ірына Кіршчына… Яны не лічацца з асабістым часам, занятасцю, прыходзяць да нас і сваімі песнямі, ад якіх вее чысцінёй пачуццяў, даверам адзін да другога, радуюць гледачоў. Удзельнікі драматычнага гуртка, у склад якога ўваходзіць 19 чалавек, (кіраўнік Н.Флёрка) набываюць навыкі самадзейнай тэатральнай творчасці. Яны падрыхтавалі і паказалі гледачам спектаклі “Приключение Красной шапочки», «Африка», «Снежная королева», інтэрмедыі, інсцэніроўкі, малаактоўкі, літаратурна-музычныя кампазіцыі. Прыемна адзначыць работу дзіцячага аб’яднання “Чабурашка”, падлеткавага аматарскага “Перекрёсток”, гурткі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, эстрадных спеваў (дзіцячы, дарослы). Выхаванне рабят, фарміраванне іх грамадзянскіх якасцей пачынаецца з першых урокаў масавых гульняў. На кожным мерапрыемстве ставіцца мэта прывіць хлопчыкам і дзяўчынкам такія рысы, як стараннасць, працавітасць, самастойнасць, уменне жыць інтарэсамі групы, імкненне пазнаваць свет. Сур’ёзныя і вясёлыя, шумлівыя і ціхія, спартыўныя і музычныя, сюжэтна-гульнёвыя праграмы задавальняюць натуральную патрэбнасць дзяцей у рухах і творчасці. — Якая выпрацавана сістэма работы з моладдзю? — Вольны час юнакоў і дзяўчат – адно з самых балючых нашых пытанняў. Чым можна прывабіць у цэнтр культуры падлетка, які не ўдзельнічае ў мастацкай самадзейнасці? Па ўласнаму вопыту ведаю: толькі дыскатэкай. Для моладзі існуе дыскатэка як месца, дзе цёпла, шумна, весела. Спрабуем арганізоўваць да дыскатэкі забаўляльна-пазнавальныя праграмы, вечары адпачынку, кіналекторыі. Усе чакаюць галоўнага – дыскатэкі, святла пражэктараў і музыкі. Сітуацыя даволі бязрадасная. У самадзейнасці ўдзельнічае толькі невялікая частка, прытым добра выхаваных рабят. Хачу адзначыць, што гурткі ў нас бясплатныя. А гэта вялікая справа. Наша задача ў тым, каб знайсці ключы да любога падлетка, якога цягнуць вуліца, пад’езды, прывабіць у клуб і калектывы. — Зусім хутка наступіць лета. Як будзе арганізаваны вольны час моладзі і падлеткаў? — Дзеці і падлеткі летам звычайна менш супраціўляюцца ўздзеянням педагогаў, чым падчас класных заняткаў. З гэтага пункту гледжання вельмі перспектыўнай формай і сродкам выхавання з’яўляецца падлеткавы клуб. Работнікі нашай установы імкнуцца прыцягнуць як мага больш дзяцей і падлеткаў у клубныя фарміраванні і праводзіць мерапрыемствы ў рамках раённых, абласных, рэспубліканскіх праграм. У сваёй рабоце выкарыстоўваем гутаркі, сустрэчы, конкурсы, вечары адпачынку, дыскатэкі, пазнавальна-забаўляльныя праграмы, тэматычныя вечары, віктарыны, вечары танцаў, канцэрты, інфармацыйна-пазнавальныя гадзіны і г. д. Планы мерапрыемстваў на летні перыяд будуць друкавацца на старонках газеты “Светлае жыццё”. — Як праходзяць мерапрыемствы ў цэнтры культуры? Ці выконваецца план платных паслуг? — Усе мерапрыемствы стараемся праводзіць на высокім узроўні. Гэтаму садзейнічае прафесіянальны і граматны падыход калектыву. За тры месяцы гэтага года спецыялістамі ГЦК праведзена 63 мерапрыемствы, з іх 5 — у сельскай мясцовасці. На іх прысутнічала больш 5400 чалавек. Паспяховая дзейнасць калектыву вядзе да выдатных вынікаў. У 2011 годзе даведзены план платных паслуг – 44 800 000 рублёў, за першы квартал выканана 19 000 000. Сярод творчых працаўнікоў ГЦК людзі з вялікім вопытам работы. Гэта А. А. Баравы – акампаніятар, А. В. Шапарда – мастак-афарміцель, М. А. Драздова – кіраўнік эстрадных спеваў (дзіцячага), Ю. У. Маркевіч – загадчык аддзела па рабоце з дзецьмі і падлеткамі, Л. А. Шруб – культарганізатар, М. В. Ляшчынскі – акампаніятар народнага мужчынскага ансамбля “Лель”, А. А. Шапарда – хормайстар Народнага вакальнага ансамбля “Вербніца”, С. І. Дзямкоў – гукарэжысёр… — Якія праблемы хвалююць? — Вялікіх праблем няма. Цэнтр культуры забяспечаны як светавой, так і гукавой апаратурай. Пашыты касцюмы для ансамбля “Лель”. Але існуюць праблемы са сцэнічнымі касцюмамі для вядучых, салістаў эстрадных спеваў, драматычнага гуртка, ансамбля народнай песні “Крыніца” і г. д. Хачу выказаць словы ўдзячнасці ўсім ўдзельнікам нашых фарміраванняў, якія, нягледзячы на сваю занятасць і справы, прыходзяць да нас і прымаюць актыўны ўдзел у творчым жыцці гарадскога цэнтра культуры. Гэта Ірына Шуканава, Людміла Такарская, Эдуард Ліпскі, Аляксандр Бякешка, Алія Казкенава, Таццяна Дваракоўская і многія іншыя. Для гэтых людзей сцэна стала часцінкай жыцця. Як кожны з нас робіць усё магчымае, каб яго асабісты дом быў прыгожым, утульным, цёплым, каб шчасце і дабрабыт былі заўсёды ў ім, так любім мы і наш цэнтр культуры – агульны наш дом, у якім мы жывём. Таму і прысвячаем яму свае здольнасці, вопыт, творчую працу. Інтэрв’ю ўзяла Ніна ПАДОЛЬСКАЯ.