КСУП “Новая ніва” – лідэр па ўраджайнасці многіх вырошчваемых у раёне сельгаскультур. Прадпрыемства з’яўляецца і насенняводчым. Забяспечвае пасяўным матэрыялам не толькі сябе, але і гаспадаркі раёна. Ганарацца тут і працавітымі людзьмі. Майстры сваёй справы ёсць на кожным участку вытворчасці. Не выключэннем з’яўляецца і раслінаводства. Выконваючы розныя палявыя работы, механізатары пастаянна дабіваюцца высокіх вытворчых паказчыкаў. Летась асабліва вызначыліся яны на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур. Менавіта з “Новай нівы” упершыню ў раёне два экіпажы ў саставе камбайнераў Міхаіла Ігнатавіча Варановіча і Сяргея Віктаравіча Жоглы, Уладзіміра Пятровіча Германа і Юрыя Сцяпанавіча Чычко перасягнулі тысячны рубеж па намалоту зерня.

Дружна ўступілі члены ўборачна-транспартнага атрада КСУПа ў важную сельгаскампанюі і сёлета. Яны абмалацілі ўжо 424 гектары азімага рапсу, даставілі да месца дапрацоўкі 740 тон насення, з якіх больш за 200 тон ужо рэалізавалі на прамперапрацоўку. Гэта была іх, можна сказаць, генеральная рэпетыцыя перад асноўным экзаменам – уборкай збожжавых культур. Да яе ў сельгаспрадпрыемстве прыступілі 22 ліпеня. У гэты дзень адбыліся традыцыйныя провады механізатараў у поле. На свята, прысвечанае пачатку жніва, сабра-ліся кіраўнікі і спецыялісты КСУПа, работнікі мясцовага сельвыканкама, а таксама арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў, якія аказваюць гаспадарцы шэфскую дапамогу, жыхары вёскі, хлебаробы.

Урачыстасць моманту адчувалася і ў выступленнях удзельнікаў свята. Галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Міхаіл Анатольевіч Жабароўскі, напрыклад, адзначыў, што на палетках гаспадаркі вырашчаны нядрэнны ўраджай. Азімы рапс даў на круг па 17,4 цэнтнера насення. Не менш як па 30 цэнтнераў зерня выйдзе збожжавых і зернебабовых культур, якія займаюць сёлета 1417 гектараў. Нагрузка на ўмоўны камбайн складае 398,9 гектара. Так што ёсць дзе пашчыраваць механізатарам, паказаць сваё майстэрства. Цяпер справа толькі за ўдзельнікамі жніва. Намеснік дырэктара КСУПа па ідэалагічнай рабоце Нэлі Аляксандраўна Халява пажадала ўсім прысутным моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, поспехаў у працы.

Не абышлося і без песень у выкананні ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці Дуброўскага сельскага Дома культуры, павязвання чырвоных стужак, уручэння караваю новага ўраджаю тым, хто яго вырошчваў, традыцыйных снапоў, нажатых сярпамі старэйшымі паляводамі гаспадаркі.

Напрыканцы механізатараў пачаставала смачнымі абедамі, прыгатаванымі ў сталовай сельгаспрадпрыемства, повар Таццяна Васільеўна Астаповіч.

Пасля гэтага камбайнеры адразу ж прыступілі да жніва. Праз некаторы час у кузавы аўтамашын пачало паступаць залацістае збожжа новага ўраджаю.

А. БЕЛЬКАВЕЦ. Фота А. ЖОГЛЫ.