Багаты і слаўны наш край самабытны
17 ліпеня споўніцца 85 гадоў з дня ўтварэння Лельчыцкага раёна. Цікавая гісторыя нашага краю. Упершыню назва Лельчыцы ў пісьмовых крыніцах упамінаецца ў 1569 годзе. З таго часу яно вядома як мястэчка Лельчыцы Мазырскага павета Мінскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Але археалагічныя даследаванні сведчаць, што жыццё там зарадзілася значна раней.
З 1793 года м. Лельчыцы — у складзе Расійскай імперыі і з’яўляецца цэнтрам Лельчыцкай воласці Мазырскага павета Мінскай губерні. Акрамя Лельчыцкай на тэрыторыі нашага раёна была створана і Буйнавіцкая воласць. У другой палове ХVІІІ стагоддзя самым буйным і найбольш населеным пунктам на тэрыторыі Убарцкай воласці былі Буйнавічы (77 двароў), на другім — Букча (76 двароў) і толькі на трэцім — Лельчыцы (64 двары). З 1874 года сялом валодаў ураджэнец Польшчы граф Тышкевіч.
І толькі 17 ліпеня 1924 года быў створаны Лельчыцкі раён, у якім налічвалася 147 населеных пунктаў, у Лельчыцах — 1659 жыхароў. Мясцовасць тады тут была лясная і балоцістая, дарог — ніякіх, і асабліва вясной і восенню з-за дажджоў наш раён быў адрэзаны ад усяго свету. Сяляне не мелі сувязі з іншымі гарадамі і вымушаны былі весці толькі натуральную гаспадарку.
Не абмінулі наш раён і ваенныя падзеі — сусветная вайна, рэвалюцыя, грамадзянская вайна.
27 верасня 1938 года м. Лельчыцы стала гарадскім пасёлкам Лельчыцы Палескай вобласці.
Па адной з версій, назва нашых Лельчыц паходзіць ад імя аднаго са старажытных багоў — Лелька ці ад такога ж слова «лелька», якім у паданнях называлі белага бусла. Калі ён ляціць — гэта прыкмета росту і развіцця. Буслы і цяпер жывуць у Лельчыцах, уюць гнёзды на дрэвах, што растуць на ўскраіне гарадскога пасёлка. І наогул, белы бусел — сімвал палескіх прастораў. Менавіта таму накіраваны ўвысь бусел — на сімволіцы г. п. Лельчыцы і раёна.
Дубовы вянок — гэта сімвал нашых векавых дубоў і знакамітага цар-дуба. У геральдыцы блакітны, нябесны — гэта колер Маці Божай».
У час Вялікай Айчыннай вайны Лельчыцкі край — цэнтр партызанскага руху, дзе дзейнічалі атрады імя Кутузава, Калініна, Суворава, Варашылава, злучэнні С. А. Каўпака, А. М. Сабурава і іншыя. Гераічную лепту ў гісторыю нашага раёна ўнесла і падпольная маладзёжная арганізацыя. Многія вёскі былі спалены карнікамі, шмат — з жыхарамі.
Пасля вайны пачалося аднаўленне гаспадаркі, адбудоўваліся і адкрываліся новыя школы, бібліятэкі, бальніцы, розныя прадпрыемствы і ўстановы. Тады нават дзейнічала вузкакалейная чыгунка і быў нала-джаны рэгулярны паветраны пасажырскі рух па авіялініі Мазыр – Лельчыцы – Мазыр.
Шмат цяжкасцей і выпрабаванняў было на шляху развіцця раёна. Не абмінула Лельчышчыну і чарнобыльская трагедыя, якая пакінула свой чорны адбітак на нашай зямлі. Але раён упэўнена рухаецца ўперад. Прыгажэюць вёскі, Лельчыцы. Увесь горад у кветках, будуюцца новыя дамы, сярэдняя школа, міліцыя, упарадкоўваюцца вуліцы. Радуе ўсіх фантан на плошчы райцэнтра, новы сквер. Жыццё працягваецца. А ці можа быць інакш!
Нам ёсць кім і чым ганарыцца. Лельчыцкая зямля ўзгадавала сваіх вучоных, пісьменнікаў, артыстаў, генералаў, герояў, рэлігійных і грамадскіх дзеячаў, заслужаных работнікаў і іншых працавітых і творчых людзей.
Багаты і слаўны наш самабытны край народнымі талентамі. Многія ведаюць спевакоў з Лельчыц, Тонежа, Дзяржынска, Глушкавіч, Слабады і іншых вёсак. А колькі ў нашым раёне юных зорачак, у якіх яшчэ ўсё наперадзе!
Хараство Лельчыцкай зямлі і раней, і зараз вабіць майстроў слова, жывапісцаў. А калі шчыра, мне здаецца, што такіх прыгожых мясцін, як у нашым краі, нідзе няма. А дарагія сэрцу яны, думаю, таму, што тут нарадзілася і зрабіла першыя крокі, тут прайшло дзяцінства і юнацтва, тут жывуць самыя блізкія і родныя людзі… І дзе б ні была, заўсёды спяшаюся дамоў, каб сустрэцца і пагутарыць з бацькамі, якія заўсёды зразумеюць і дапамогуць, каб пачуць такое доўгачаканае: “Матулечка, я так па табе сумавала!..».
Падрыхтавала Святлана ЛІПСКАЯ.