«Надзея» дорыць натхненне
Хто хоць аднойчы пабываў у дзіцячым аздараўленча-адукацыйным цэнтры “Надзея” будзе імкнуцца сюды зноў і зноў. Каб упэўніцца, што ёсць усё ж аазіс радасці і дабрыні, дзе ўсім так цёпла і ўтульна. У гэтым пераканаліся вучні і настаўнікі Лельчыцкай САШ № 1, якім пашчасціла нядаўна тут адпачываць.
Здраўніца размешчана ў маляўнічым хваёвым лесе, на беразе Вілейскага вадасховішча, у 80 км ад Мінска. Тут цудоўныя пляжы. Паветра насычана водарам траў і соснаў. Гэты чароўны куток прыроды так і вабіць да сябе. І няма большага задавальнення для педагогаў, чым бачыць, як у не па-дзіцячы сур’ёзных вачах запальваюцца радасныя і гарэзлівыя іскрынкі. Амаль за 15 гадоў свайго існавання “Надзея”набыла вельмі шмат сяброў не толькі з Беларусі, але і Германіі, Расіі, Японіі.
У цэнтры шмат увагі ўдзяляецца ўмацаванню здароўя дзяцей. Вялікую падзяку хочацца выказаць нашаму ўрачу — В. М. Сакаловай. Яна заўсёды была ўважлівая і ветлівая да кожнага хлопчыка і дзяўчынкі. Па яе назначэнню дзеці праходзілі адпаведнае лячэнне. Акрамя медыкаментозных сродкаў, прапаноўваўся шырокі спектр фізія-працэдур: інгаляцыі, спелеатэрапія, ванны, фітатэрапія, душ, масаж. І кожнае дзіця атрымлівала вітаміны. Усе лячэбна-аздараўляльныя працэдуры займалі амаль палову дня, але хапала і вольнага часу.
На тэрыторыі здраўніцы ёсць спецыяльна абсталяваныя спартыўныя і гульнёвыя пляцоўкі, стадыён, тэнісныя і більярдныя сталы, трэнажорная і спартыўная залы, кафетэрый. Акрамя гульняў на свежым паветры, праводзіліся вела-сіпедныя прагулкі. Дзеці наведвалі сауну.
Выхавальніца здраўніцы Святлана Уладзіміраўна Паўлоўская пастаянна праводзіла з дзецьмі гутаркі, віктарыны, дзе кожны мог праявіць сябе і атрымаць прыз.
Актыўны ўдзел ва ўсіх спартыўных мерапрыемствах разам з хлопчыкамі і дзяўчынкамі прымаў і настаўнік Максім Аляксандравіч Юхневіч. Як прыемна было назіраць, калі паміж педагогам і дзіцём дыстанцыя мінімальная – разам гуляюць, глядзяць фільмы, абедаюць у сталоўцы… Дзеці адразу заўважаюць, калі педагог шчыры з імі, добры, размаўляе на роўных, значыць, ён дастойны павагі.
Кожнае дзіця ў здраўніцы знайшло занятак па душы. Амаль усе займаліся ў гуртках. Гэта – саломапляценне, роспіс па дрэве, ап-лікацыя з саломы, маляванне, выпальванне, фотагурток…
У “Надзеі” і да дзяцей, і да дарослых прыходзіць натхненне. Тут ажываюць фарбы, гліна, дрэва, набываюць колер словы.
Запамінальнай была экскурсія ў горад Вілейку. Дзеці наведалі гісторыка-краязнаўчы музей. Экскурсавод Марына Уладзіміраўна Барташэвіч расказала аб унікальных экспанатах, якія знаходзяцца тут.
Прыемна адзначыць і добрую работу сталовай. Дзеці атрымлівалі шасціразовае, паўнацэннае харчаванне. Штодзённае меню ўключала мяса, садавіну, агародніну, ласункі і сокі.
Так непрыкметна праляцелі 24 дні адпачынку. Бадзёрыя, жыццярадасныя хлопчыкі і дзяўчынкі пакідаюць “Надзею”, атрымаўшы выдатны зарад энергіі, паправіўшы сваё здароўе.
М. АШАРЧУК, настаўніца пачатковых класаў САШ № 1.